Кітай увёў забарону на дзелавыя сувязі з КНДР


Міністэрства гандлю Кітая абвясціла аб забароне на адкрыццё новых бізнес-праектаў з КНДР. Гэта рашэнне было прынята ў рамках выканання рэзалюцыі Рады бяспекі ААН, якая ўводзіць новыя санкцыі супраць Паўночнай Карэі.

У заяве, апублікаваным на сайце міністэрства, гаворыцца, што рашэнне ўступае ў сілу неадкладна. Адкрыццё новых сумесных прадпрыемстваў, фірмаў або кампаніяў, доля ў якіх належыць грамадзянам Паўночнай Карэі, з гэтага часу стане ў Кітаі немагчымым.

Адначасова міністэрства паведаміла пра тое, што пад забарону трапляюць і любыя інвестыцыі, зробленыя кітайскімі кампаніямі ў прадпрыемствы Паўночнай Карэі, паведамляе «Голас Амерыкі».

6 жніўня Рада Бяспекі ААН пашырыла санкцыі супраць Паўночнай Карэі праз нежаданне Пхеньяну спыніць выпрабаванні міжкантынентальных балістычных ракетаў. Кітай, які традыцыйна займаў больш лагодную пазіцыю ў дачыненні Пхеньяну, гэтым разам безапеляцыйна падтрымаў увядзенне абмежаванняў.

 

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары