Кітай: у тэлесерыялах забароняць секс і забойствы


Тэлесерыялы ў Кітаі неўзабаве маюць стаць значна менш драматычнымі. Урад краіны загадаў відэасайтам выразаць з тэленавелаў усе сцэны выпадковых інтымных сувязяў і пазашлюбных адносінаў, паведамляе Бі-Бі-Сі са спасылкай на кітайскую газету «Global Times».

У Кітаі шмат хто глядзіць у інтэрнэце замежныя тэлешоу, якія паходзяць перадусім з ЗША і Паўднёвай Карэі. Але з гэтага часу сайты мусяць выдаляць усе сцэны з парушэннем шлюбнай вернасці або занадта адкрытыя кадры фізічнай блізкасці.

Акрамя таго, выдаленню будуць падлягаць сцэны забойстваў, самагубстваў, выкраданняў людзей, ужывання наркотыкаў, азартных гульняў і паранармальных з’яваў, гаворыцца ў заяве Дзяржаўнага рэгулятара прэсы, выдавецкай справы, радыё, кіно і тэлебачання.

У сацыяльных сетках у Кітаі ўжо гучаць скаргі, што спіс забароненых сцэнаў гэтак шырокі, што не будзе чаго глядзець.

Шматлікія аматары серыялаў асцерагаюцца, што іх улюбёныя паўднёвакарэйскія мыльныя оперы не пакажуць зусім. Новыя правілы могуць закрануць таксама амерыканскія фільмы.

Але некаторыя карыстальнікі парталу «Sohu» падтрымалі ініцыятыву. Адзін з інтэрнаўтаў напісаў: «Гэта трэба было зрабіць яшчэ раней».

Новыя правілы былі абвешчаныя ў рамках урадавай кампаніі супраць парнаграфіі і «вульгарнасці», якая называецца «Чыстка інтэрнэту-2014».

МЯ, belsat.eu, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў