Кітай дасць Беларусі 150 млн юаняў на святло ў індустрыяльным парку


Урад Кітаю выдзеліць ураду Беларусі бязвыплатную дапамогу ў памеры 150 млн кітайскіх юаняў (каля $ 24,5 млн) на электрыфікацыю тэрыторыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, а таксама на іншыя праекты тэхніка-эканамічнай дапамогі.

Адпаведнае пагадненне паміж урадамі дзвюх краінаў аб дапамозе было апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дакумент быў падпісаны 27 верасня ў Менску з мэтай развіцця сяброўскіх стасункаў і тэхніка-эканамічнай супрацы паміж Беларуссю і Кітаем.

Парадак вядзення рахункаў, звязаных з перадачай бязвыплатнай дапамогі па дамове, будзе дадаткова ўзгоднены.

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк – тэрытарыяльнае ўтварэнне ў Смалявіцкім раёне Менскай вобласці ў 25 км ад сталіцы плошчай каля 80 кв. км з асаблівым прававым рэжымам, які забяспечвае камфортнае вядзенне бізнесу. Аб’ём інвестыцыяў у рамках праекту па стварэнні ў Менскай вобласці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку на першым этапе ацэньваецца прыкладна ў $ 5,6 млрд.

Сярод прыярытэтных напрамкаў дзейнасці – развіццё тонкай хіміі, біямедыцыны, электроннай прамысловасці, машынабудавання. На тэрыторыі парку плануецца размясціць вытворчыя і жылыя зоны, офісныя і гандлёва-забаўляльныя комплексы, фінансавы і навукова-даследчы цэнтры.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by, telegraf.by

Стужка навінаў