Кісялёў назваў Вугорскае паўстанне 1956 года «каляровай рэвалюцыяй». Расейскага амбасадара выклікалі на дыван

video

Амбасадара Расеі ў Вугоршчыне выклікалі ў МЗС з прапановаю патлумаць прычыны грэблівых ацэнак падзеяў 1956 года ў расейскіх дзяржаўных медыях, паведамляе «Associated Press».

Сюжэт, у якім Вугорскае паўстанне называюць «каляровай рэвалюцыяй», выйшаў у эфір на тэлеканале «Россия 1» у праграме вядомага прапагандыста Дзмітрыя Кісялёва.

У венгерскім вонкавапалітычным ведамстве падкрэслілі, што нікому не дазволяць казаць пра «рэвалюцыю і яе герояў у зневажальным тоне».

Вугорскае паўстанне 1956 года – агульнанацыянальнае паўстанне супраць камуністычнага кіраўніцтва Вугорскай Народнай Рэспублікі і ваеннай прысутнасці СССР на тэрыторыі краіны, якое працягвалася з 23 кастрычніка да 10 лістапада 1956 года.

У выніку рэвалюцыі загінула больш за 2500 вугорцаў і 700 савецкіх жаўнераў.

Адкрытае абмеркаванне тых падзеяў дазволілі толькі ў перыяд адлігі 80-х гадоў. На ўрачыстым заснаванні Трэцяй Вугорскай рэспублікі ў 1989 годзе дзень 23 кастрычніка быў абвешчаны нацыянальным святам.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары