Кіроўцу аўтобуса ў нацыянальных колерах аштрафавалі праз скаргу «грамадскага актывіста»


Арцём Агафонаў, які раней быў сябрам АГП, размясціў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» «пераможны ліст» з Валожынскага РАУС. У паведамленні напісана, што кіроўца фірмы «Трансфілд» Віктар Бразоўскі аштрафаваны за наяўнасць старонніх прадметаў (бел-чырвона-белага сцяга – belsat.eu) на ветравым шкле аўтобуса.

*Артыкул 194 ПДР Беларусі забараняе ўдзел у дарожным руху транспартнага сродку з налепкамі і абʼектамі, які мяшаюць агляду. Да такіх можна аднесці стужкі і любыя сцягі. Такога кіроўцу могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Агафонаў лічыць, што дзеянні Валожынскага РАУС недастатковыя, і заклікае «аднадумцаў» браць з яго прыклад і прыцягнуць іншых «экстрэмістаў» (актывістаў «Маладога фронту» – belsat.eu) да адказнасці.

«Кіроўцу выпісалі штраф, а аўтобус давядзецца перафарбаваць. Разам з тым, лічу гэты вынік недастатковым. Бо кіроўцы, якія сталіся ахвярамі «паляўнічых на сцяжкі» часта гублялі працу і сродкі да існавання, а іхная віна была толькі ў наяўнасці сімволікі, якая не сімпатычная нацыяналістам. «Трансфілд» жа перавозіў экстрэмістаў. Таму было адпраўлена яшчэ два лісты, пра змест якіх паведамлю пасля атрымання адказаў. Спадзяюся, гэты прэцэдэнт паслужыць стымулам для спынення «палявання на сцяжкі». Закон адзіны для ўсіх, давайце выкарыстоўваць яго для агульнага дабра, а не для барацьбы з іншадумствам», – напісаў Агафонаў.

Фірма «Трансфілд» удзельнічала ў перавозцы актывістаў «Маладога фронту» у Слуцк на мітынг прымеркаваны да ўгодкаў Слуцкага паўстання.

Такое зацятае змаганне Агафонава з беларускай нацыянальнай сімволікай можа быць адказам на рэакцыю ўладаў Берасця, якія выступілі супраць георгіеўскай стужкі ў грамадскім транспарце.

ДР belsat.eu 

Глядзі таксама
Каментары