Кіроўца Audi, за якім са стральбою ганялася ДАІ, быў цвярозы


З’явіліся новыя падрабязнасці пераследу легкавіка ў Менску.

Парушальнікам аказаўся 65-гадовы беларус на Audi з расейскімі нумарамі. У момант пагоні ён быў цвярозы, аднак прычыны свайго ўчынку і шматлікія парушэнні ПДР патлумачыць не змог.

Інцыдэнт здарыўся 18 верасня. Мужчына ехаў у Менск і не выканаў патрабаванне міліцыянтаў спыніцца.

У сталіцы ён таксама не захацеў спыняцца, павярнуўшы ў завулак Тучынскага на паркоўку гандлёвага цэнтру «Карона», дзе працягнуў рух па тратуары ў напрамку ўваходу ў станцыю метрапалітэна «Моладзевая».

Інспектары ўжылі табельную зброю. І нават тады кіроўца не спыніўся. Ён працягнуў уцякаць па тратуары каля гандлёвага цэнтру ў напрамку вуліцы Кальварыйскай, затым па самой вуліцы, дзе павярнуў на вуліцу Жудро і працягнуў ехаць па сустрэчнай паласе.

На вуліцы Жудро мужчына наехаў на прыпаркаваныя аўтамабілі. Audi заблакавалі службовыя аўтамабілі ДАІ, а парушальніка затрымалі.

Міліцыя праводзіць праверку.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў