Кірмаш непатрэбных, але карысных рэчаў


Нягледзячы на тое, што падобныя фрымаркеты даўно праводзяцца ў Менску і іншых абласных цэнтрах, для Горадні такая падзея стала навіной. Мажліва акурат з гэтай прычыны ў памяшканні «Антыкавярні» у нядзелю – не прапхнуцца.

Так лічыць і адна з арганізатарак імпрэзы Вольга Камягіна:

«Усё атрымалася цудоўна, адзінае, што не хапіла месца. Наступны раз варта выбіраць альбо большае памяшканне, альбо наогул выносіць усё на вуліцу».

Фрымаркет – гэта не толькі абмен непатрэбнай адзежай, кніжкамі, упрыгожаннямі і іншымі рэчамі. На пераднавагоднім «свабодным кірмашы» у Горадні была арганізаваная яшчэ і дзіцячая зона, а ўсім ахвочым дзяўчатам бясплатна рабілі макіяж прафесійныя візажысты.

Асобны бок пытання – экалагічны. Бо перадача непатрэбнай сукенкі альбо абутку ў добрыя рукі – гэта не проста адзнака добрага тону, але яшчэ і рацыянальнае выкарыстанне прамысловых прадуктаў, а значыць эканомія прыродных рэсурсаў. Дарэчы, на фрымаркеце адпрацаваныя батарэйкі можна было памяняць на цукеркі.

Па выніках кірмашу, які трываў некалькі гадзін, можна сказаць адно: сезон фрымаркетаў у горадзе над Нёмнам можна лічыць адкрытым. Ад сёлетніх жа арганізатараў можна чакаць яшчэ больш крэатыву і наватарства ў наступным годзе.

Алесь Кіркевіч для belsat.eu

Стужка навінаў