Кіраўніца місіі БДІПЧ АБСЕ: Надзея на дэмакратычнасць выбараў ёсць заўсёды


tana_de_zulueta

Тана дэ Цулюэта

Як міжнародныя назіральнікі будуць ацэньваць сёлетнюю выбарчую кампанію, распавяла кіраўніца місіі БДІПЧ Тана дэ Цулюэта.

«Кожны кіраўнік місіі заўсёды спадзяецца, што выбары будуць адпавядаць крытэрам дэмакратычных. Калі б у нас не было такой надзеі, не мела б сэнсу рабіць нашу працу. Таму такая надзея заўсёды ёсць. Мы мусім, аднак, гэта пабачыць, гледзячы на канкрэтныя паказнікі, і толькі пасля даваць ацэнку выбарам», – заявіла ў інтэрвʼю БелаПАН Тана дэ Цулюэта.

Яна нагадала, што назіральная місія БДІПЧ пачала працу ў Беларусі 2 жніўня. З 11 жніўня доўгатэрміновых назіральнікаў – у агульнай колькасці 38 чалавек – пачалі накіроўваць у рэгіёны краіны.

Члены місіі ўжо правялі сустрэчы з прадстаўнікамі Цэнтрвыбаркаму, выбарчых камісіяў і грамадзянскай супольнасці.

«Найбліжэйшым часам плануюцца сустрэчы з прадстаўнікамі судоў, каб паглядзець, як адбываецца працэс разгляду скаргаў», – паведаміла Тана дэ Зулуета. Паводле яе, на ўсіх сустрэчах суразмоўцы звярталі ўвагу назіральнікаў «на тыя змены, якія адбыліся не ў самым выбарчым заканадаўстве, а ў нормах, што рэгулююць яго ўжыванне».

На што будуць глядзець падчас ацэнкі выбараў

«Безумоўна, мы будзем глядзець, якім чынам гэта суадносіцца з рэкамендацыямі, якія рабіліся ў 2012 і ў 2015 гадах пасля выбараў місіямі БДІПЧ АБСЕ. Гэта тое, на што мы будзем звяртаць увагу. Будзем глядзець, якім чынам гэта ўжываецца і якія канкрэтныя захады былі зробленыя», – адзначыла кіраўнік місіі.

Таксама яна паведаміла, што прадстаўнікі БДІПЧ плануюць рэгулярна сустракацца з усімі групамі мясцовых назіральнікаў. «Для нас важна, што яны кажуць. Мы таксама глядзім, на падставе чаго яны робяць тыя ці іншыя заключэнні, якую інфармацыю яны нам даюць», – сказала Зулуета.

«У той жа час, – дадала яна, – мы не каардынуем нашу працу з імі, бо ў нашай місіі ёсць свая метадалогія, свае назіральнікі, і для нас важна прытрымлівацца гэтай метадалогіі, каб яна была справядлівай і якаснай».

Паводле слоў кіраўніка місіі, на гэтым этапе выбарчай кампаніі рана ацэньваць, наколькі ўлічаныя і выкананыя рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, зробленыя пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.

«Мы пакуль можам сказаць, што некалькі заканадаўчых змяненняў мелі месца. Іх мэтай называлася зрабіць працэс выбараў больш празрыстым, каб ён уключаў у сябе ўсіх удзельнікаў і быў больш справядлівым. Наколькі гэта будзе дасягнута, мы паглядзім, ацэньваючы канкрэтныя факты», – адзначыла Тана дэ Зулуета.

На просьбу пракаментаваць заявы беларускай апазіцыі і праваабаронцаў пра тое, што ўжо можна казаць аб неадпаведнасці выбараў у Беларусі стандартам АБСЕ, паколькі ў склады выбарчых камісіяў усіх узроўняў уключана толькі 0,08% прадстаўнікоў апазіцыі, Зулуета адказала:

«На гэты момант любая ацэнка была б заўчаснай, і, вядома, гэта супярэчыць метадалогіі АБСЕ. Мы звяртаем увагу на склад выбарчых камісіяў. Гэта таксама робяць нашы калегі з назіральнай місіі ПАСЕ. І, вядома ж, мы ведаем, што вельмі часта лічбы кажуць самі за сябе і зʼяўляюцца вельмі важнымі паказнікамі ».

Кіраўнік місіі таксама паведаміла, што з 8 жніўня эксперты БДІПЧ вядуць якасны і колькасны аналіз інфармацыі аб выбарах у беларускіх медыях.

«Мы маніторым тры тэлевізійныя каналы, нацыянальныя газеты і онлайн-медыя. Нашай мэтай зʼяўляецца ацаніць, ці атрымліваюць у сапраўднасці выбарнікі дастаткова інфармацыі, каб зрабіць усвядомлены выбар пры галасаванні. Мы таксама глядзім, наколькі свабодна ўдзельнікі выбараў могуць расказаць пра свае платформы і праграмы. Такім чынам, мы глядзім, наколькі выконваецца адна з самых галоўных свабодаў – свабода выказванняў», – расказала Зулуета.

Паводле яе слоў, у місіі пакуль няма поўнай карціны таго, што адбываецца, інфармацыя збіраецца.

«Мы яшчэ не ведаем, хто дакладна будзе ўдзельнічаць у выбарах. Вядома, нейкая інфармацыя пра кандыдатаў ёсць, але мы будзем глядзець, наколькі збалансаванай будзе інфармацыя пра іх у далейшым, каб выбарнікі маглі рэальна даведацца пра кандыдатаў і зрабіць выбар», – падкрэсліла кіраўнік місіі.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў