Кіраўніца маладзечанскай школы: «Практыку пасылання дзяцей на бульбу варта спыніць»


Нашая здымачная група наведала школу № 11 у Маладзечна, дзе вучылася 13-гадовая Віка, якую на бульбяным полі раздавіў цяжкавік.

Галіна Пятроўна Пішчык, якая прадстаўляецца выконваючай абавязкі дырэктара (на старонцы школы спадарыня Пішчык – «намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце»), пытаецца, чаму наагул нашая здымачная група да іх прыехала: «Гэта адбылося не ў школе, на полі».

Любоў Лунёва: Але трагедыя адбылася з вашай вучаніцай.
Галіна Пішчык: Я не магу нічога сказаць – іду да следчага з чарговай паперай.

Аднак пазней Галіна Пішчык пагадзілася на размову з нашай карэспандэнткай.

Школьная кіраўнічка зняпраўдзіла інфармацыю, нібыта загінулая дзяўчына мела асаблівасці псіха-фізічнага развіцця. Раней паведамлялася, што дзяўчынка мела праблемы са слыхам, і проста не чула як едзе машына.

«Гэта няпраўда – дзеці не валодаюць інфармацыяй. Усе спісы дзяцей, якія навучаліся па адмысловай праграме, я маю. У нас яна праходзіла як здаровае дзіця, з неінтэграванага класа – навучалася па праграме агульнаадукацыйнай школы. Дзяўчынка – добрасумленная, вучылася на чацвёркі, пяцёркі, шасцёркі – па-рознаму», – кажа Галіна Пішчык.

Жанчына пагадзілася, што практыку пасылання дзяцей «на бульбу» варта спыніць.

«Цяпер з вучнямі, якія былі [падчас трагедыі] на калгасным полі, працуе група псіхолагаў, а таксама вядзецца следчы эксперымент», – кажа Галіна Пішчык.

На пытанне, ці маюць чым заняцца дзеці пасля заняткаў, спадарыня Пішчык адказала, што школа мае мноства гурткоў: «У нас шырокая сетка дадатковай адукацыі, асабліва ў суботы, дзеці актыўна там задзейнічаныя».

«На полі яны таксама добра працавалі, сумленна – іх адзначылі і пахвалілі. Перад працай іх праінструктавалі, а тое, што кіроўца не паглядзеў – гэта проста няшчасны выпадак», – падсумавала Галіна Пішчык учарашнюю трагедыю.

Размаўляла Любоў Лунёва

Глядзі таксама
Каментары