Кіраваць Аршаншчынай – як запісацца ў «камікадзэ»? Каментар аналітыка


На наступны дзень пасля разгромнай нарады Аляксандра Лукашэнкі ў Воршы кіраўніком райвыканкаму быў прызначаны 49-гадовы Ігара Ісачанка. Аналітык Сяргей Нікалюк распавёў belsat.eu, ці паўплывае на сітуацыю на Аршаншчыне гэтае прызначэнне.

«Людзі на такіх пасадах усё больш падобныя на камікадзэ, бо сітуацыя ў краіне ўскладняецца, жыццё высоўвае новыя выклікі, а сістэма архаічная. Таму любая падобная кіроўная пасада нічога нікому не гарантуе», – кажа пра прызначэнне Ісачанка Сяргей Нікалюк.

Сяргей Нікалюк – беларускі палітолаг, сацыёлаг, аналітык. Працаваў у Незалежным інстытуце сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД). Аўтар шэрагу беларускіх і замежных выданняў.

На думку эксперта, мадэль дзяржаўнага кіравання ў Беларусі не прадугледжвае магчымасць нейкіх пазітыўных зменаў пры тых ці іншых кадравых перастаноўках на лакальным узроўні.

«Трэба разумець, як працуе вертыкаль улады. Вось даў загад Лукашэнка якому-небудзь начальніку. Гэты начальнік выклікае свае падначаленых і дае ім каманду. І гэта ідзе па ланцужку да апошняй даяркі. А хто выпрацоўвае творчыя рашэнні, хто стварае інавацыі? Ніхто. Гэтак можна паставіць любога чалавек у любы раён на любую пасаду. Калі вы паглядзіце сайт Лукашэнкі, то там амаль кожны прэс-рэліз змяшчае фразу – кіраўнік дзяржавы патрабуе. Але кіраўнік гэта не той, хто кажа, што рабіць, а той, хто кажа як гэта рабіць. Але такіх кіраўнікоў у нас няма. У нас усе патрабуюць. Прычым патрабуюць тое, што разумеюць. Памятаеце, як Лукашэнка ездзіў на завод у Воршы? Яго ж абурыў дах з дзіркам. Ну, відаць, дах на заводзе сапраўды адрамантуюць. Адзіная задача ўсіх гэтых патрабаванняў па ланцужку – гэта праверыць, што ланцужок працуе», – кажа ён.

Нікалюк звяртае ўвагу, што падчас разгромнай нарады ў Воршы Лукашэнка прад’яўляў прэтэнзіі наконт сітуацыі ў раёне чыноўнікам рэспубліканскага ўзроўню – міністрам, кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта, сакратару Савета бяспекі і нават старшыне Палаты прадстаўнікоў. Але чаму яна мусяць быць адказныя за дах на аршанскім заводзе?

«У нас выбудаваная вертыкаль улады – вось яна і працуе, але працуе як умее. Ва ўсім свеце ёсць раздзяленне задачаў – дзяржава адказвае за ўмовы працы, а грамадства працуе. У нас жа чыноўнікі выконваюць гаспадарчыя функцыі. Гэта тое, што было ў СССР, які разваліўся. Мы ідзем тым жа шляхам. Таму гэта звычайна, менавіта таму Лукашэнка 24 гады кажа, што яго загады не выконваюцца», – канстатуе Нікалюк.

Эксперт дадае, што Лукашэнка, відаць, зрываецца на чыноўнікаў у Воршы проста таму, што раней ужо займаўся гэтым раёнам. Але нічога выключнага на Аршаншчыне няма – «у прынцыпе, у такім становішчы знаходзіцца любы раён, любое прадпрыемства».

Нагадаем, кіраўніка Аршанскага райвыканкаму Аляксандра Пазняка Аляксандр Лукашэнка адправіў у адстаўку 14 жніўня. Таксама на аршанскай нарадзе Лукашэнка:

  • абвінаваціў урад у пафігічным стаўленні да ягоных загадаў;
  • паабяцаў адправіць у адстаўку міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Чорнага і міністра прамысловасці Аляксандра Воўка;
  • абвясціў поўную службовую неадпаведнасць старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Алегу Двігалёву і сакратару Савета бяспекі Станіславу Засю;
  • запатрабаваў ўнесці прадстаўленне аб замене кіраўніцтва савета міністраў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў