Кіраўнікі ДНР/ЛНР: Мы спынім пастаўкі вугалю ва Украіну


Кіраўнік самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Аляксандр Захарчанка і кіраўнік «Луганскай народнай рэспублікі» Ігар Платніцкі, паабяцалі ўвесці «вонкавае кіраванне» на ўкраінскіх прадпрыемствах.

«Мы больш не будзем пастаўляць вугаль ва Украіну. Для паставак няма ні магчымасці, ні схемы аплаты. Мы будзем перабудоўваць усе вытворчыя працэсы і арыентаваць іх на рынак Расеі ды іншых краінаў», – гаворыцца ў заяве.

Такім чынам Захарчанка і Платніцкі адказалі на блакаду шляхоў пастаўкі вугалю, якую ў студзені распачалі ветэраны баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны.

ДНР/ЛНР высунулі ўльтыматум – блакада мае быць знятая да 00:00 1 сакавіка.

Актывісты і ветэраны вайны на Данбасе распачалі блакаду, патрабуючы спынення гандлю з ДНР/ЛНР. Кіраўніцтва Украіны патрабуе спыніць блакаду.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў