Кіраўнік ураду Андрэй Кабякоў: краінам СНД патрэбныя структурныя рэформы


Структурныя рэформы дапамогуць пазбегнуць нізкага тэмпу развіцця, мяркуе Андрэй Кабякоў.

Такую думку кіраўнік уладу агучыў на фінансава-банкаўскім форуме краінаў СНД «Менскія дзелавыя сустрэчы».

Ён заявіў, што гэтыя структурныя рэформы кожная краіна павінна праводзіць улічваючы свае магчымасці і спецыфіку.

«Гэта свой выбар, свае рызыкі, пошук свайго шляху развіцця. Адказы на вонкавыя выклікі трэба шукаць унутры краіны, а не па-за яе межамі», – адзначыў Андрэй Кабякоў.

У якасці крокаў, якія могуць садзейнічаць развіццю краінаў СНД, кіраўнік беларускага ўраду называе падвышэнне інтэграцыі, паляпшэнне заканадаўства, стварэнне сумесных кампаній і рэалізацыя буйных праектаў. Калі ж гэтага не рабіць, то інвестыцыі ў эканоміку будуць адкладацца на няпэўны час, а ў народзе будзе з’яўляцца недавер да палітыкі ўладаў, мяркуе Кабякоў.

Некалькі дзён таму пра неабходнасць структурных рэформаў заявіў намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Мікалай Снапкоў. У сваю чаргу памочнік кіраўніка Беларусі Кірыл Руды адзначыў, што «рэформы не чужыя для Беларусі, а эканоміка краіны змяняецца натуральна».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў