Кіраўнік урада Каталунні абвінаваціў Мадрыд у нападзе на дэмакратыю


Кіраўнік урада Каталунні Карлэс Пучдэмон назваў дзеянні ўладаў Іспаніі, якія вырашылі ўвесці 155-ы артыкул Канстытуцыі і прыпыніць статус аўтаноміі, нападам на дэмакратыю, перадае bbc.com.

Паводле слоў Пучдэмона, іспанскі ўрад выступае супраць дэмакратычнай волі каталунцаў і паслядоўна адмаўляецца ад магчымасцяў для дыялогу. Ён таксама заклікаў склікаць паседжанне парламента, каб абмеркаваць захады ў адказ.

Раней кіраўнік парламента Каталунні Кармэ Форкадэл назвала дзеянні ўрада Іспаніі спробай дзяржаўнага перавароту. Форкадел сказала, што яна “не дазволіць Рахою зрабіць так, каб гэты парламент перастаў быць дэмакратычным”.

“Гэта аўтарытарны пераварот унутры дзяржавы-члена Еўрапейскага звяза”, – заявіла яна.

У суботу ў Барселоне адбылася акцыя пратэсту прыхільнікаў незалежнасці, у якой, паводле дадзеных каталунскай паліцыі, прынялі ўдзел каля 450 тысяч чалавек.

Раніцай у суботу Савет міністраў Іспаніі сабраўся на экстранае паседжанне, у рамках якога разгледзеў магчымасць прымянення 155-га артыкулу канстытуцыі краіны, з дапамогай якой Мадрыд можа прыпыніць аўтаномны статус Каталунні. Прэм’ер-міністр Іспаніі Марыяна Рахой заявіў, што Мадрыд ўводзіць у дзеянне 155-ю артыкул, каб “аднавіць законнасць” пасля праведзенага 1 кастрычніка рэферэндуму аб незалежнасці, большасць удзельнікаў якога выказаліся за аддзяленне ад Іспаніі.

Іспанскі ўрад заяўляе, што галасаванне было незаконным, аднак каталунскі лідэр Карлэс Пучдэмон настойвае, што ён быў надзелены паўнамоцтвамі аб’явіць аб незалежнасці Каталунні.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў