Кіраўнік СК паабяцаў расставіць кропкі над «і» ў справе гімназіста, якога абвінавачваюць у нападзе на настаўніцу


Іван Наскевіч паабяцаў выступіць з афіцыйнай заявай у справе Даната Скакуна пасля таго, як яе разгледзіць Вярхоўны суд.

«Цяпер справа знаходзіцца ў Вярхоўным судзе і мы чакаем яе разгляду ў апеляцыйным парадку. Пасля таго, як у ім будзе пастаўлена кропка, мы збіраемся выступіць з афіцыйнай заявай для таго, каб расставіць усе кропкі над i. Мяне бянтэжыць хваля публікацый у інтэрнэт-прасторы: змешчаная ў іх інфармацыя не ў поўнай меры адпавядае абʼектыўнай карціне таго, што адбылося», – сказаў Наскевіч.

Даната Скакуна прызналі вінаватым у нападзе з нажом на настаўніцу расейскай мовы і літаратуры і прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі. Шмат хто не верыць у ягоную вінаватасць.

У Facebook была створана старонка ў падтрымку Даната, дзе публікуецца інфармацыя па ягонай справе. Актывісты звяртаюць увагу на тое, што адбіткаў пальцаў Даната на нажы не знайшлі, а само абвінавачанне было пабудована выключна на словах настаўніцы.

7 красавіка 15-гадовага гімназіста Даната Скакуна прызналі вінаватым адразу паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу – ч.1 арт.14, ч. 2 арт.139 «Замах на забойства» і прысудзілі 8 гадоў пазбаўлення волі.

Здарэнне адбылося 23 траўня 2016 года ў гімназіі № 74. Паводле следства, Данат помсціў настаўніцы за несправядлівую адзнаку – некалькі разоў ударыў жанчыну нажом. З матэрыялаў справы вынікае, што нож, што ёсць у матэрыялах справы, не мае да яе ніякага дачынення, і гэта высветлілі эксперты. Не апазнала халоднай зброі і настаўніца.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў