Кіраўнік расейскага Інстытуту Блізкага Усходу: Катар і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты набываюць у Беларусі зброю для «Ісламскай дзяржавы»


Расейскі эксперт Яўген Сатаноўскі мяркуе, што Беларусь ускосна падтрымлівае «Ісламскую дзяржаву», прадаючы зброю краінам, якія дапамагаюць ісламістам у Сірыі і Іраку. Такой думкай Сатаноўскі падзяліўся з журналістамі газеты «Взгляд».

Паводле афіцыйнай інфармацыі нядаўні візіт міністра абароны Катара Хамада бен Алі аль-Атыйі ў Менск і яго перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам былі сканцэнтраваныя на закупках узбраенняў у «інтарэсах катарскай арміі».

«Катарскай арміі беларуская зброя (сістэмы ПЗРК, ПТРК і РПГ) не патрэбная, бо яна абсталяваная па амерыканскіх стандартах. Відавочна, закупкі ідуць для «трэціх бакоў». Сярод канчатковых атрымальнікаў лівійскія ісламісты, баевікі на Сінаі і сірыйскія прыхільнікі «Ісламскай дзяржавы».

Таксама Сатаноўскі адзначае, што зброю ў Беларусі набываюць і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. «У такіх аперацыях выступае «Al Mutlaq Technology», гандлёвае прадстаўніцтва «Al Mutlaq Croup». Яе генеральны дырэктар – Хусэйн Мухамед бен Мутлак аль-Гафлі – фігура непублічная. Больш вядомы яго стрыечны брат – Мухамед Абдула бен Мутлак аль-Гафлі, пасол ААЭ ў Менску, што палягчае яму набыццё ўзбраення ў гэтай краіне, свабоднай ад усіх міжнародных абмежаванняў і эмбарга», – кажа Яўген Сатаноўскі.

Раней ключавое месца ў такіх пастаўках займала Паўночная Карэя і сербскія гандляры зброяй, канстатаваў эксперт.

ЮВ, belsat.eu, паводле vz.ru

Стужка навінаў