Кіраўнік нямецкага МЗС прапанаваў адмяняць санкцыі супраць Расеі «крок за крокам»


Міністр замежных справаў Нямеччыны Зігмар Габрыель прапанаваў адмовіцца ад чакання поўнага выканання менскіх дамоўленасцяў для зняцця санкцый з Расеі.

На ягоную думку, адмяняць санкцыі трэба паступова. Пра гэта міністр заявіў у інтэрвю часопісу Focus.

«Дзеючыя рашэнні Еўразвязу патрабуюць 100-працэнтнага выканання прынятых у Менску пагадненняў. Пасля гэтага можна прыступаць да 100-працэнтнай адмены санкцый супраць Расеі. Я лічу, што гэта ўмова няздзейсная. Было б правільным адмяняць санкцыі невялікімі порцыямі, крок за крокам, каб паказаць, што зрухі па кірунку да міру прыносяць выгаду», – заявіў Габрыэль.

Паводле яго, Расея мусіць выкарыстаць свой уплыў на сепаратыстаў, а ЗША – уздзейнічаць на Кіеў.

На пытанне журналіста, прычым тут ЗША, калі гаворка ідзе пра канфлікт у Еўропе, Габрыэль адказаў, што Вашынгтон мае вялікі ўплыў на Украіну.

«Я не належу да тых, хто быў бы шчаслівы, калі б ЗША ўхіліліся ад вырашэння праблемаў сусветнай палітыкі», – патлумачыў кіраўнік МЗС Германіі.

28 чэрвеня 2017 года Рада ЕЗ працягнула на паўгода санкцыі, уведзеныя супраць асобных сектараў эканомікі Расеі 31 ліпеня 2014 года. Санкцыі былі падоўжаныя на паўгода, да 31 студзеня 2018 года. Абмежавальныя меры датычаць доступу на еўрапейскія фінансавыя рынкі вядучым расейскім банкам з мажарытарнай доляй дзяржавы ў статутным капітале, іх падраздзяленняў, заснаваных за межамі ЕЗ, а таксама трох буйных расейскіх энергетычных кампаніяў і трох абаронных фірмаў.

19 чэрвеня 2017 года Рада Еўрапейскага звязу падоўжыла на год дзеянне санкцый супраць Расеі, уведзеных пасля далучэння Крыму. Санкцыі прадугледжваюць забарону на імпарт прадуктаў, вырабленых у Крыме і Севастопалі, у ЕЗ, забарону для еўрапейскіх кампаніяў і грамадзянаў інвеставаць у прадпрыемствы паўвострава, забарону на турыстычныя паслугі. Таксама забаронены экспарт з ЕЗ у Крым тавараў і тэхналогіяў, якія могуць быць выкарыстаныя ў галінах транспарту, тэлекамунікацый або энергетыкі.

Дзеянне абмежавальных мераў падоўжанае да 23 чэрвеня 2018 года. У заяве Рады Еўразвязу гаварылася, што Брусель працягне палітыку непрызнання ўваходжання Крыму і Севастопалю ў склад Расеі.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле РБК

Стужка навінаў