Кіраўнік МУС баіцца каляровай рэвалюцыі


Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Ігар Шуневіч пагаджаецца з думкаю, што ў Беларусі спрабуюць «спачатку паставіць на калені праваахоўнікаў, а потым паставіць уладу».

Усе каляровыя рэвалюцыі пачыналіся з дыскрэдытацыі ўлады. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч у праграме «Буйным планам» на тэлеканале «Беларусь-1».

Адказваючы на пытанне вядоўцы пра сваё стаўленне да «інфармацыйнай хвалі, накіраванай на дыскрэдытацыю міліцыі, якая падымаецца ў незалежных інтэрнэт-рэсурсах», кіраўнік МУС адзначыў:

«Аналізуючы досвед практычна ўсіх каляровых рэвалюцый, якія здараліся ў найноўшай гісторыі, можна зрабіць выснову, што ўсе яны пачыналіся з дыскрэдытацыі ўлады, найбольш моцных яе галінаў. Лічу, што ў Рэспубліцы Беларусь органы ўнутраных спраў зʼяўляюцца адным з самых моцных аргументаў улады ў падтрыманні правапарадку і дзяржаўнасці ў краіне. Мне здаецца, у нас спрабуюць разыграць той жа сцэнар».

«Гэта значыць прынцып такі – спачатку паставіць на калені праваахоўнікаў, а потым паставіць уладу?» – удакладніў вядоўца.

«Цалкам верагодна, у такой паслядоўнасці і мяркуецца рэалізацыя гэтай задумы ці намеру», – пагадзіўся Шуневіч.

Паводле ягоных слоў, назваць нашую краіну »паліцэйскай дзяржавай« наўрад ці можна. На 100 тысяч грамадзянаў у Беларусі прыходзіцца 405 прадстаўнікоў міліцыі, што, як падкрэсліў Шуневіч, супастаўляльна з еўрапейскімі краінамі. Ён таксама паведаміў, што ў ведамстве распрацаваны план аптымізацыі колькасці супрацоўнікаў і іх колькасць будзе скарачацца.

Аднак, калі «актыўнай меншасці захочацца зладзіць хаос на вуліцах», у МУС хопіць рэсурсаў, каб супрацьстаяць ім, запэўніў Шуневіч.

У эфіры нагадалі, што міліцыя ў Беларусі не ўжывае такіх спецсродкаў, як вадамёты, электрашокавыя прылады, слезацечны газ або гумовыя кулі. Па словах кіраўніка МУС, ён спадзяецца, што дэманстрацыя па ТБ кадраў, як разганяюць вулічныя акцыі ў Еўропе, астудзіць беларускія гарачыя галовы.

«Але вадамёты ў нас ёсць», – адзначыў Шуневіч.

Вяртаючыся да пытання аб інфармацыйнай вайне супраць ягонага ведамства, кіраўнік МУС заўважыў, што гэтым займаецца пэўная група людзей.

«У нейкім сэнсе мы павінны быць ім удзячныя за канструктыўную крытыку, за творчы падыход і за жаданне дапамагчы ўсім нам, у тым ліку і кіраўніцтву Міністэрства ўнутраных спраў, – заўважыў Шуневіч, і дадаў, што паводле ягонай асабістай ацэнкі, гэтыя людзі кіруюцца зусім іншымі мэтамі, бо «ідзе падтасоўванне фактаў і адкрытая хлусня».

«У любым выпадку, хачу сказаць, што ў кожнай сітуацыі зʼяўлення інфармацыі, якая дыскрэдытуе, мы праводзім праверкі», – запэўніў міністр.

У інтэрнэце збіраюць подпісы за адстаўку кіраўніка МУС Ігара Шуневіча. За адхіленне яго ад пасады ўжо прагаласавалі больш за 4 тысячы беларусаў.

У сваім звароце стваральнікі петыцыі апісваюць больш за дзясятак гісторыяў, у якіх менавіта міліцыянты былі датычныя да абразаў, калецтва ды нават смерці грамадзянаў. Пры гэтым усе гісторыі адбыліся сёлета. Сярод іншага падпісанты звяртаюць увагу на выпадак у Століне, калі інспектар РАУС збіў 9-гадовага школьніка. У Менску падлетка асудзілі за напад на АМАПаўца, хоць падлетак сведчыў, што гэта АМАПавец яго жорстка збіў ды яшчэ здзекаваўся, насміхаўся ды пагражаў згвалціць.

«Белсат» запытаўся на вуліцах Менску пра давер да міліцыі. Жыхары беларускай сталіцы адзначаюць: «Гэтым структурам ніхто ніколі не давяраў і давяраць не будзе».

МЯ, паводле tut.by

Стужка навінаў