Кіраўнік МЗС Украіны: Нашым грамадзянам трэба ўзважваць паездкі ў Беларусь


Міністр замежных справаў Украіны Паўло Клімкін лічыць паездкі ў Беларусь небяспечнымі.

Адпаведную заяву міністр зрабіў у інтэрвю выданню «Укринформ».

«Давайце скажам шчыра – пасля таго, як Павел Грыб знік з тэрыторыі Беларусі, мы павінныя гаварыць аб небяспецы знаходжання ўкраінскіх грамадзянаў не толькі на расейскай тэрыторыі. Хачу папярэдзіць грамадзянаў Украіны аб небяспецы знаходжання на расейскай тэрыторыі, дзе ўсе расейскія спецслужбы паслядоўна дзейнічаюць супраць нашых грамадзянаў. Я заклікаю кожнага, хто едзе на расейскую тэрыторыю, вельмі добра падумаць, ці ехаць туды. Але цяпер у нас стварылася сітуацыя, калі мы бачым, што расейскія спецслужбы дзейнічаюць таксама на тэрыторыі Беларусі, і я лічу, што ўкраінскія грамадзяне павінныя браць пад увагу, якім чынам ездзіць туды», – заўважыў Паўло Клімкін.

Кіраўнік вонкавапалітычнага ведамства Украіны назваў выкраданне Паўла Грыба ў Беларусі «вельмі сурёзнай справай»:

«Нам трэба высветліць, як гэта адбылося. Для гэтага мы адсочваем інфармацыю з розных крыніцаў. Расея не дапускае да Грыба нашых консулаў, але мы будзем ціснуць усімі магчымымі спосабамі, і як толькі высвятлім усе абставіны, за гэтым рушаць услед далейшыя крокі».

Пры гэтым Паўло Клімкін заявіў, што кожная краіна павінна кантраляваць тое, што адбываецца на яе тэрыторыі, бо «гэта складнік суверэнітэту».

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле «Укринформ»

Стужка навінаў