Кіраўнік МІ-5: Пагроз тэрактаў у Брытаніі робіцца больш


Брытанскім службам выведкі даводзіцца ўсё больш актыўна весці барацьбу з тэрарызмам, заявіў на брыфінгу ў Лондане кіраўнік контрвыведкі МІ-5 Эндру Паркер, перадае bbc.com.

Паводле яго слоў, сёння ведамства ўсё часцей сутыкаецца з пагрозай тэрарызму, а выяўляць яе становіцца больш складана. Сёлета ў Брытаніі было здзейснена пяць тэрактаў. Паркер адзначыў, што яны аказалі сур’ёзнае маральнае ўздзеянне на супрацоўнікаў МІ-5.

Кіраўнік ведамства распавёў, што з ліку брытанцаў, якія адправіліся ваяваць на баку групоўкі «Ісламская дзяржава», 130 чалавек загінулі.

Паркер адзначыў, што МІ-5 у цяперашні праводзіць 500 аперацый, якія тычацца каля 3000 чалавек, у той ці іншай ступені ўключаных у экстрэмісцкую дзейнасць. За апошнія чатыры гады было папярэджана 20 нападаў, у тым ліку сем за апошнія сем месяцаў. Усе яны звязаны з ісламісцкіх экстрэмізмам, дадаў ён.

З пяці нападаў, якія тэрарыстам удалося здзейсніць у гэтым годзе, самым крывавым стаў выбух смяротніка пасля канцэрту спявачкі Арыяны Грандэ ў фае канцэртнай залы «Манчэстар-Арэна», у выніку чаго загінулі 22 чалавекі.

Таксама пяць чалавек загінулі ў сакавіку падчас нападу непадалёк ад парламента, і яшчэ восем чалавек у раёне Лонданскага моста загінулі пад коламі фургона, з якога выскачылі трое мужчын з нажамі і накінуліся на мінакоў.

У чэрвені мужчына накіраваў фургон на натоўп людзей побач з мячэццю на поўначы Лондана, а ў верасні самаробная бомба часткова выбухнула ў вагоне метро на станцыі Парсанс-грын, у выніку чаго пацярпелі 30 чалавек.

У некаторых выпадках, як, напрыклад, з нападам на Лонданскім мосце, адзін са зламыснікаў – Хурам Батт – быў добра вядомы МІ-5, у дачыненні да яго вялося расследаванне.

Ён адзначыў, што высокая верагоднасць таго, што, калі адбываецца напад, яго здзяйсняе хтосьці, хто вядомы або быў вядомы ведамству. У іншым выпадку атрымліваецца, што службы вялі пошук не ў тым напрамку.

Кіраўнік Мі-5 паведаміў, што 800 чалавек адправіліся з Брытаніі ваяваць у Сірыю і Ірак, некаторыя з іх вярнуліся назад.

Ён падкрэсліў, што міжнароднае супрацоўніцтва працягвае адыгрываць важную ролю, і ўпершыню распавёў аб сумесным аперацыйным контртэрарыстычным цэнтры, што знаходзіцца ў Галандыі. У ім працуюць і абменьваюцца інфармацыяй прадстаўнікі контрвыведак розных краін. Дзякуючы іхнай працы ў Еўропе былі арыштаваныя 12 чалавек, паведаміў ён.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў