Кіраўнік мазырскай міліцыі: Пра піва на стадыёне няма гаворкі, кантроль будзе жорсткі


Падпалкоўнік міліцыі выказаўся пра продаж піва падчас футбольных матчаў.

Падчас наўпроставай лініі з кіраўніком Мазырскага РАУС падпалкоўнікам міліцыі Віктарам Ганчаровым, які зладзіла газета «Жыццё Палесся», прагучала пытанне пра продаж піва на стадыёнах.

«Перад пачаткам футбольнага сезону хадзілі размовы, што на стадыёнах дазволяць прадаваць піва. Аднак на мазырскім стадыёне «Юнацтва», дзе праходзіў матч 1-га туру, ніякага піва не было. Ці варта яго чакаць у бліжэйшай будучыні?» – запытаў у міліцэйскага начальніка чытач.

Адказ Віктара Ганчарова быў лаканічны:

«Улічваючы, што ў гэтым сезоне ў вышэйшай лізе Гомельскую вобласць прадстаўляе толькі адзін клуб – «Славія» («Гомель» цяпер гуляе ў першай лізе), кантроль з боку міліцыі будзе яшчэ больш жорсткі. Таму пра продаж піва на стадыёне гаворка ўвогуле не можа весціся».

Раней паведамлялася, што міліцыі нібыта пайшла на ўступкі наконт продажу піва падчас матчаў. Гэтую тэму абмяркоўвалі на сустрэчы прадстаўнікоў Беларускай федэрацыі футболу, ГУУС Менску і футбольных фанатаў. Але выразных заяваў на гэты конт не было.

«Калі ёсць стацыянарная кропка грамадскага харчавання, то ў стацыянарнай кропцы прадавацца піва можа. Але агаворвалі, што гэта не «Менск-Арэна», не «Барысаў-Арэна», дзе ўсё гэта загадзе прадугледжанае. У структуры старых стадыёнаў гэта зрабіць дастаткова нялёгка», – патлумачыў тады першы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футболу Сяргей Сафарʼян.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў