Кіраўнік КДБ: За пяць гадоў мы выкрылі 36 шпіёнаў


Валерый Вакульчык

Сёння Камітэт дзяржаўнай бяспекі адзначае 100-годдзе. Старшыня ведамства Валерый Вакульчык распавёў пра вынікі працы спецслужбы.

Паводле яго, агулам за апошнія пяць гадоў у Беларусі выкрылі і «спынілі разведвальную дзейнасць» 36 супрацоўнікаў і агентаў замежных спецслужбаў, 13 з якіх прыцягнулі да крымінальнай адказнасці. Адзін з пакараных пасля быў «абменены» на двух беларускіх грамадзянаў, асуджаных за мяжой

Вакульчык адзначыў, што замежныя спецслужбы актыўна спрабуюць вербаваць грамадзянаў нашай краіны. Асабліва «агрэсіўна», паводле кіраўніка КДБ, дзейнічае Літва, чые спецслужбы ўжываюць «у тым ліку мэтанакіраваныя правакацыі, якія ў цывілізаваным свеце засталіся ў мінулым»:

«Вядома ж, гэта недапушчальна. І наўрад ці спрыяе ўмацаванню і развіццю адносінаў. Асабліва з улікам тых абставінаў, што беларускі транзіт істотна папаўняе бюджэт Літвы».

Валерый Вакульчык распавёў, што сёлета да 15 гадоў пазбаўлення волі асудзілі грамадзяніна Беларусі, завербаванага літоўскімі спецслужбамі, распачалі дзве крымінальныя справы за «здраду дзяржаве», яшчэ адну справу накіравалі ў суд. Яшчэ аднаго грамадзяніна Беларусі – былога старэйшага афіцэра асудзілі на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

«Будучы шляхам шантажу і пагрозаў завербаваным замежнай выведкай, ён збіраў і перадаваў звесткі, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты. Спрабаваў уцягнуць у супрацьпраўную дзейнасць сваіх былых калегаў», – каментуе справу кіраўнік КДБ.

Як сцвярджае Валерый Вакульчык, за апошнія тры гады ведамства выкрыла больш за 1600 карупцыйных злачынстваў. Асноўную частку з іх яшчэ на стадыі дазнання перадалі ў іншыя праваахоўныя органы, камітэт расследаваў самыя значныя і рэзанансныя.

«Напрыклад, не так даўно самы буйны ў гісторыі краіны хабар – $ 5 млн – быў спыненая КДБ. Прычым усе гэтыя грошы канфіскаваныя. Мы вельмі актыўна праводзім працу па кампенсацыі нанесенай дзяржаве шкоды. І ў гэтай справе сумленна адпрацоўваем свой хлеб: за мінулыя тры гады камітэт вярнуў у казну больш, чым дзяржава выдаткавала на ўтрыманне супрацоўнікаў», – сказаў Вакульчык.

На ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 100-годдзю органаў дзяржбяспекі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што агулам за апошнія тры гады дзякуючы працы камітэту ў бюджэт пералічылі 250 млн рублёў.

НМ, belsat.eu, паводле Sb.by

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары