Кіраўнік Каталунні перасцярог Мадрыд ад спробаў яго арыштаваць


Прэм’ер-міністр Іспаніі ўчора паставіў ультыматум: у тэрмін да 16 і 19 кастрычніка Каталуння павінна растлумачыць сітуацыю з абвяшчэннем незалежнасці. Кіраўнік урада Каталунні Карлэс Пучдэмон перасцярог ад спробаў арыштаваць яго, піша Deutche Welle.

«Маё затрыманне было б неапраўданым і памылковым. Цяпер не той момант, каб саджаць у турму людзей, з якімі маеш палітычныя рознагалоссі», – заявіў Пучдэмон у інтэрвʼю амерыканскай тэлекампаніі CNN.

Пучдэмон заявіў, што «адносіны паміж Каталунняй і Іспаніяй не працуюць» і што большасць каталунцаў хочуць бачыць Каталунню незалежнай дзяржавай. У той жа час ён падкрэсліў, што па-ранейшаму робіць стаўку на дыялог з урадам прэмʼер-міністра Рахоем, але без папярэдніх умоў.

Пучдэмон прапанаваў Мадрыду і Барселоне прызначыць па два прадстаўнікі, каб знайсці пасярэдніка для ўрэгулявання канфлікту.

Раней улады Іспаніі запатрабавалі ад каталунскіх уладаў растлумачыць, што азначае падпісаная 10 кастрычніка дэкларацыя аб незалежнасці, а таксама папярэдзілі, што могуць задзейнічаць 155-ы артыкул Канстытуцыі, які дазваляе Мадрыду ўвесці прамое кіраванне ў аўтаноміі.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары