Кіраўнік Еўракамісіі заклікае стварыць «хаўрус бяспекі» ЕЗ


Фота: echo.msk.ru/blog/varlamov_i/

Жан-Клёд Юнкер упэўнены, што прыйшоў час стварыць агульнаеўрапейскі пакт бяспекі.

«Мы лічым, што патрэбны энергетычны звяз, звяз рынкаў і капіталаў, але і звяз бяспекі», – заявіў еўрапейскі чыноўнік на супольнай прэс-канферэнцыі з прэмʼер-міністрам Францыі Мануэлам Вальсам у Бруселі.

Кіраўнік Еўракамісіі спадзяецца, што Рада міністраў ЕЗ у хуткім часе пагодзіцца на прапанаваную Еўракамісіяй канцэпцыю абароны вонкавых межаў і зацвердзіць дырэктыву адносна абароту агнявой зброі.

ЕЗ перабывае ў стане вайны, якую яму абʼявілі тэрарысты, заявіў падчас прэс-канферэнцыі кіраўнік французскага ўраду ды нагадаў пра захады, якія стануць падмуркам для еўрапейскага пакту бяспекі.

«Сістэмны кантроль на межах Шэнгенскай зоны, разгортванне еўрапейскіх памежнікаў, паляпшэнне барацьбы з незаконным абаротам зброі, неадкладнасць прыняцця еўрапейскага PNR (Passenger Name Record) – картатэкі, якая дазволіць прасачыць перамяшчэнне тэрарыстаў», – нагадаў Мануэл Вальс.

«Калі Еўропа не возьме сябе ў рукі, яна можа разваліцца», – заявіў кіраўнік французскага ўраду.

Раніцай 22 сакавіка ў Бруселі прагрымела серыя выбухаў. У выніку тэрактаў загінулі 34 асобы.

ЮВ, belsat.eu, паводле interfax.com.ua

Стужка навінаў