Актывіст праўладнай моладзевай арганізацыі не змог уцямна адказаць на пытанне журналіста «Белсату».
Сустракаць «Начных ваўкоў» у Берасцейскую крэпасць сябраў БРСМ прывёў выконваючы абавязкі першага сакратара берасцейскага аддзялення арганізацыі 25-гадовы Дзяніс Сілівонік.
Спачатку ён заявіў, што Крым быў украінскі, а зараз расейскі. Калі ж журналіст «Белсату» запытаў, ці прызнае Сілівонік, што Крым расейскі, актывіст сказаў, што не прызнае Крым ані расейскім, ані ўкраінскім.
Разам з тым Сілівонік забараніў сябрам сваёй арганізацыі размаўляць з журналістамі. Калі на наступны дзень незалежныя журналісты спрабавалі з ім самім паразмаўляць праз тэлефон, ён кідаў слухаўку.
Сустракаць пуцінскіх байкераў прыйшло каля 10-ці БРСМаўцаў. «Ваўкі» аддзячылі ім дыскамі«Байк-шоў Севастопаль».
Цікава, што на прэс-канференцыю «Начных ваўкоў» у расейскі кансулат журналістаў запрашаў начальнік аддзелу па працы з медыямі берасцейскага аблвыканкаму Вадзім Ляўковіч.
Нагадаем, раней Ляўковіч забараніў працаўнікам берасцейскага краязнаўчага музею даваць інтэрв’ю здымачнай групе «Белсату».
СА, belsat.eu