Кіраўнік таджыкскага АМОНУ перайшоў на бок «Ісламскай дзяржавы»


Пра гэта новаспечаны экстрэміст паведаміў у відэа, якое распаўсюдзіў праз сацыяльныя сеткі і Youtube.

Кадравы афіцэр Гулмурод Халімаў знік напрыканцы красавіка. Як удакладняе ТАСС, ён узначаліў АМАП тры гады таму. Неаднаразова атрымліваў дзяржузнагароды. На радзіме ў Халімава засталіся жонка і 8 дзяцей.

40-гадовы палкоўнік міліцыі перад сваім знікненнем «з дапамогай сацыяльных сетак сабраў поўную інфармацыю аб дзейнасці ІГ, яго структурах, і пачаў распаўсюджваць ідэі гэтай тэрарыстычнай арганізацыі сярод падначаленых». Калегі Халімава меркавалі, што ён з’ехаў у Сірыю, дзе далучыўся да тэрарыстаў.

У апублікаваным відэа Гулмурод Халімаў у мусульманскай чорнай вопратцы з аўтаматам пазуе на фоне барадатых «паплечнікаў» і пальмаў.

Палкоўнік на расейскай мове тлумачыць, што перайшоў на бок тэрарыстаў, бо ў Таджыкістане парушаюцца правы мусульманаў. У прыватнасці яму забараняюць насіць мусульманскія строі і маліцца пяць разоў на дзень. Ён адзначыў таксама, што незадаволены парадкамі ў МУС Таджыкістана і станам расейска-таджыкскіх і расейска-амерыканскіх адносін, хоць праходзіў навучанне ў спецназе Расеі і ЗША.

Халімаў заклікае да джыхаду, называе ўлады Таджыкістана «сабакамі» і абяцае, што баевікі «Ісламскага дзяржавы» прыйдуць у рэспубліку, каб «усталяваць халіфат».

Паводле сілавых структур Таджыкістана ў шэрагах «Ісламскай дзяржавы» і іншых тэрарыстычных групоўках за мяжой удзельнічаюць каля чатырохсот грамадзянаў рэспублікі.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў