Кіраўнік Еўрагрупы Ерун Дэйсельблум: Пра дапамогу Грэцыі падумаем пасля рэферэндуму


Еўрагрупа (міністры фінансаў краінаў еўразоны) не пагадзілася рэструктураваць доўг і працягваць праграму дапамогі Грэцыі.

Еўрапейскі фонд фінансавай стабільнасці паведамляе, што праграма крэдытавання Грэцыі завершаная і 1 ліпеня чарговы транш у памеры € 1.8 млрд будзе недаступны.

Кіраўнік Еўрагрупы Ерун Дэйсельблум заявіў, што пытанне фінансавай дапамогі Афінам будзе абмяркоўвацца пасля рэферэндуму (5 ліпеня), перадае reuters.com.

Грэчаскі прэм’ер Алексіс Цыпрас прапануе грамадзянам краіны прагаласаваць супраць прапанаванай міжнароднымі крэдыторамі праграмы жорсткай эканоміі і скарачэння бюджэтных расходаў. Паводле яго, гэта ўзмацніць пазіцыі Грэцыі ў перамовах з крэдыторамі.

Прадстаўнікі Еўрагрупы падкрэсліваюць, што такі вынік рэферэндуму будзе азначаць выхад Грэцыі з еўразоны, піша bbc.com. Кіраўнік грэчаскага ўраду не верыць у такі сцэнар. Выхад Грэцыі з еўразоны – «будзе мець занадта высокі кошт (для ЕЗ – заўв. рэд.)», лічыць Алексіс Цыпрас.

30 чэрвеня, за некалькі гадзінаў да дэдлайну па выплаце доўгу МВФ, грэчаскі ўрад прапанаваў еўрапейскім крэдыторам новы план выхаду з пераддэфолтавага крызісу.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў