Кіраўнік Чачэніі зарэгістраваўся ва «УКантакце» з патрыятычных матываў


Чачэнскі лідар Рамзан Кадыраў зарэгістраваўся ў сацыяльнай сетцы «УКантакце».

Пра гэта ён паведаміў на сваёй афіцыйнай старонцы ў іншай сацсетцы – «Інстаграме», інфармуе dagestan-today.com.

«Я атрымліваю просьбы адкрыць старонку ў расейскай сацыяльнай сетцы «УКантакце». Ёсць шмат тых, хто не карыстаецца «Інстаграмам», але хацелі б мець магчымасць зносінаў. Такое рашэнне мною ўжо прынята. Старонка зарэгістраваная. Я буду надаваць ёй сурёзную ўвагу. Гэта адпавядае і намеру падтрымліваць расейскія сеткі», – адзначыў Кадыраў.

Лідар Чачэніі падзякаваў усім сваім чытачам. «Я стараюся чытаць усе вашыя каментары. Шмат каму адказваю. Без увагі не застаецца ніводнае слова», – дадаў Кадыраў.

Раней кіраўнік Чачэніі абвясціў, што разам з рэперам Цімаці адмаўляецца ад выкарыстання амерыканскага «iPhone» на карысць расейскага «YotaPhone», каб падтрымаць вытворцу з Расеі. Таксама палітык параіў расейцам адмовіцца ад замежных сацыяльных сетак. Да гэтага часу Кадыраў быў вядомы як актыўны карыстальнік заходніх сэрвісаў «Інстаграм» і «Тўітэр».

МЯ, паводле dagestan-today.com

Стужка навінаў