Кіраўніцтва гаспадаркі не дало камбайнерам жаць, каб не выплочваць ім прэміі


Гул камбайнаў не сціхае – у сезон адпачынкаў камбайнеры працуюць да сёмага поту. Для Міхаіла Фядотава жніво было яшчэ і шанцам атрымаць прэмію ды пашану калегаў – намалоць тысячу тонаў зерня.

МІХАІЛ ФЯДОТАЎ, КАМБАЙНЕР:

«Вядома, прыемна было б выйсці на тысячу тонаў. Даўно на камбайне працую. Першы год у мяне выходзіла тысяча – і не атрымалася».

Пабіць рэкорды Міхаілу і ягоным калегам перашкодзіла... ўласнае ж кіраўніцтва. Чыноўнікі кааператыўнай сістэмы ўпраўлення праектамі Бывалькі, як кажуць працаўнікі, стаць камбайнерамі-тысячнікамі не дазволілі наўмысна.

АЛЯКСАНДР ДАВЫДОЎСКІ, ПАМОЧНІК КАМБАЙНЕРА:

«Яны бачылі, што мы падыходзім да тысячы, і яны прыслалі з іншай гаспадаркі тэхніку, камбайны, і каб яны змалацілі гэтае зерне, а нам не далі змалаціць яго і дабрацца да тысячы».

Усё – каб не плаціць прэміі, якая належыць тысячнікам. Але не тое, што на прэміі, але і на шараговыя заробкі кіраўніцтва гэтай гаспадаркі ў Лоеўскім раёне, што на Гомельшчыне, разарыцца не імкнецца. Сітуацыя дайшла да абсурду: камбайнераў хацелі пакараць рублём за тое, што яны не выйшлі працаваць… ва ўласны выходны, 9-га жніўня.

АЛЯКСАНДР ДАВЫДОЎСКІ, ПАМОЧНІК КАМБАЙНЕРА:

«Раённае кіраўніцтва на наступны дзень сабрала ўсіх і прыстрашыла камбайнераў, якія не выйшлі, тым, што перавядуць іх з гэтых пасадаў у жывёлаводы – на знак пакарання. І сказалі яшчэ пазбавіць усіх даплатаў і зрэзаць заробак на 50 %».

І з 9-ці мільёнаў заробак упаў да 4-ох. Пазней ад такога кроку кіраўніцтва ўсё ж адмовілася – калі камбайнеры паскардзіліся ў раённую камісію і нават у Адміністрацыю прэзідэнта. Аднак узнавіць справядлівасць датычна тых, хто меў усе шанцы намалоць тысячу тонаў жыта, ужо не атрымаецца.

МІХАІЛ ФЯДОТАЎ, КАМБАЙНЕР:

«24 тоны не хапіла да тысячы»…

АЛЯКСАНДР ДАВЫДОЎСКІ, ПАМОЧНІК КАМБАЙНЕРА:

«Яны сказалі на сходзе ў раёне гэтак: «У нас тысячнікаў у раёне дастаткова, мы план перавыканалі. Вялікі дзякуй». Вось так».

У райвыканкаме сцвярджаюць, што пра сітуацыю не чулі. Тым часам некаторыя з камбайнераў ужо думаюць пра альтэрнатыўныя спосабы зарабіць.

Іншыя ўсё ж хочуць працаваць паводле прафесіі, нават нягледзячы на тое, што частку апошняга заробку атрымалі… мясам.

МВ, «Белсат»

Стужка навінаў