«Беларусьфільм» адмовіўся працаваць з Міхаілам Парэчанкавым. Расейскі актор паабяцаў, што «на адным полі з такімі беларусамі ... не сядзе»


Пра падрабязнасці скандалу «Белсату» распавёў супрацоўнік нацыянальнай кінастудыі.

«Касцюмеры, грымёры і г. д. паклалі заяву на стол дырэктара «Беларусьфільм» аб адмове працы з Парэчанкавым, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Калі ён прыехаў у Менск яго нават не засялілі ў гатэль, як гэта было прапісана ў райдэры», – кажа супрацоўнік беларускай кінастудыі.

Паводле супрацоўніка нацыянальнай кінастудыі Парэчанкава не пажадалі засяляць у гатэль паколькі ён мог дрэнна паўплываць на рэпутацыю кампаніі. Міхаіл Парэчанкаў нібыта меўся здымацца ў фільме прысвечаным падзеям 1943 г. У кінастужцы расейскі актор планаваў граць супрацоўніка НКУС.

«Гэта хамская, нахабная хлусня. Камусьці хочацца за мой кошт праславіцца, а для гэтага ёсць розныя бессаромныя і хлуслівыя людзі. Уся прапаганда – гэта хлусня, нядаўна ўкраінскія СМІ перадалі, што мяне злавілі ў Дэбальцава», – абурыўся актор, каментуючы сітуацыю расейскаму тэлеканалу «Lifenews».

Падчас свайго нядаўняга візіту ў данецкі аэрапорт Міхаіл Парэчанкаў адважыўся пастраляць з крупнакалібернага кулямёту сепаратыстаў. Пры гэтым ён меў на галаве каску з надпісам «Прэса». Расейскі саюз журналістаў назваў такія дзеянні подласцю.

Служба бяспекі Украіны завяла крымінальную справу на расейскага актора паводле артыкулу «удзел у тэрарыстычнай групе», а таксама аб’явіла Мiхаіла Парэчанкава ў міжнародны вышук.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў