«Кінуў шапкай у партрэт цара – адправілі на прымусовыя працы»


Кандыдат гістарычных навук Іна Соркіна распавядае пра адметнасці жыцця і бунтаў у беларускіх мястэчках у ХІХ стагоддзі.

Кандыдат гістарычных навук Іна Соркіна
Кандыдат гістарычных навук Іна Соркіна

Местачкоўцамі былі звычайна рамеснікі, гандляры, у кожным мястэчку быў кірмаш. У ХІХ стагоддзі мястэчкі робяцца пераважна габрэйскімі, бо паводле законаў Расейскай Імперыі была ўсталявана мяжа габрэйскай аселасці. Менавіта ў перыяд акупацыі беларускіх земляў Расейскай Імперыяй жыхары мястэчак сутыкаюцца з праблемай адстойвання сваіх правоў.

Непакорлівасць местачкоўцаў

Местачкоўцы лічылі сябе вольнымі людзьмі, а падчас расейскай акупацыі бунтавалі, баронячы свае правы і свабоды. Расейскія ўлады не зусім прыязна ставіліся да местачкоўцаў і каралі іх за непадпарадкаванне.

Асноўнымі формамі барацьбы за правы былі скаргі, прашэнні, судовая цяжба, адмова выконваць павіннасці, самавольнае карыстанне зямлёй, змены прозвішчаў на польскі лад, напрыклад Краскі станавіліся Краскоўскімі, ці Бычкі – Бычкоўскімі.

Адстойвалі свае правы з палкамі ў руках

Местачкоўцы пастаянна падкрэслівалі, што яны не сяляне і ў іх іншы сацыяльны статус. Бывала, што жыхарам мястэчак у выніку змаганняў вярталі іх правы або прызнавалі вольнымі. Часам местачкоўцы ў абароне сваіх правоў маглі нават ужыць сілу, напрыклад збіць мясцовага расейскага адміністратара палкамі, як гэта здарылася ў Капылі.

Местачкоўцы былі добра самаарганізаваныя. Вайскоўцаў прысылалі сюды на так званыя экзекуцыі, каб прымусіць жыхароў выконваць павіннасці і абавязкі, каб супакоіць і перадухіліць бунт. Самых бунтарных маглі пакараць розгамі.

Расейская адміністрацыя лічыла местачкоўцаў Беларусі хітрымі і нядобрасумленнымі людзьмі. Яны дзейнічалі заўсёды грамадою, таму і старасту абіралі ўсе разам. Здаралася, што і па некалькі разоў, як у мястэчку Воўпа, бо стараста-габрэй быў недаспадобы хрысціянам, а стараста-хрысціянін, недаспадобы габрэям, таму пісалі скаргі. Галасавалі з дапамогай арэхаў і гароху, якія кідалі ў розныя збанкі.

Габрэі – у суд, беларусы – у бунт

Местачкоўцы пастаянна судзіліся за свае правы, прычым суд выкарыстоўвалі часцей габрэі, а карэнныя беларусы больш карысталіся бунтамі і выступленнямі.

Нават местачковыя святары былі бунтарнымі, як ксёндз Гальшанаў, які пастаянна заклікаў змагацца супраць Расейскай акупацыі, а потым быў адпраўлены на прымусовыя працы, за тое, што кінуў шапкай у партрэт цара Аляксандра ІІ.

У некаторых мястэчках Расейская адміністрацыя скасавала Магдэбургскае права, але былі выпадкі, калі мястэчкам, пасля змагання карэнных жыхароў вярталі назад права на самакіраванне.

Агулам на беларускіх землях было каля 400 мястэчак. У 1939 годзе, пасля прыходу Саветаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі тэрмін «мястэчка» быў скасаваны, і заменены на «гарадскі пасёлак» або «пасёлак гарадскога тыпу». На дадзены момант у Беларусі ёсць толькі адно мястэчка – Гудагай.

Падрыхтаваў Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Стужка навінаў