Кінула ў прэзідэнта манга ды атрымала кватэру


Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура падарыў жыхарцы краіны кватэру, пасля таго як яна запусціла яму ў галаву манга.

Марленэ Алівія кінула фрукт у кіраўніка дзяржавы, калі той падчас цырымоніі адкрыцця новай транспартнай сеткі кіраваў аўтобусам у штаце Ансаатэгі на паўночным усходзе краіны.

Праз некалькі дзён падчас тэлевізійнага звароту Мадура паказаў гледачам манга, на якім было напісана «Калі можаце, патэлефануйце мне», а таксама нумар тэлефона жанчыны.

Мадура сказаў, што яго памочнікі ўжо звязаліся з Аліўе і паабяцаў, што 54-гадовай жанчыне дадуць кватэру ў межах праграмы развіцця масавага жытла.

Прэзідэнт паведаміў, што манга было спелае, і паабяцаў яго з’есці. Венесуэльскі лідар пажартаваў, што ў яго ёсць нешта агульнае з манга, паколькі maduro па-іспанску азначае «саспелы».

Нікалас Мадура, які прыйшоў да ўлады ў 2013 годзе пасля смерці былога лідара Венесуэлы Уга Чавэса, раней працаваў кіроўцам аўтобуса.

Цяперашні лідар лацінаамерыканскай краіны нярэдка сядае за руль і едзе ў невялікае турнэ па невялікіх гарадах, дзе мае размаўляе з людзьмі. Падчас такіх выездаў ён збірае петыцыі, просьбы, у асноўным напісаныя на паперы, і слухае звароты грамадзянаў. 52-гадовы Мадура, як і ягоны папярэднік Чавес, вядомы сваймі папулісцкімі жэстамі і не першы раз робіць падарунак просьбітам.

Смелая венесуэлка пазней прызналася, што ў яе пад рукой не было паперы, каб напісаць просьбу традыцыйным спосабам, таму яна вырашыла выкарыстоўваць для гэтай мэты манга.

Блогеры, інтэрнэт-карыстальнікі адразу ж адрэагавалі жартаўлівымі або іранічнымі пастамі. «Калі за манга раздаюць кватэры, то зараз мы ведаем, што рабіць: трэба кінуць у яго ананас», – цытуе агенцтва Reuters карыстальніка на ўэб-сайце Dolar Today, які публікуе каціроўкі на чорным валютным рынку.

Нягледзячы на ​​папулізм Мадуры, апошнія апытанні кажуць аб змяншэнні колькасці ягоных прыхільнікаў. Цяпер ягоны рэйтынг складае 28,2%. На падзенне паўплываў дэфіцыт тавараў, прычынаю якога стаў валютны кантроль, які ўрад усталяваў, каб абмежаваць даступнасць амерыканскіх долараў.

АК, belsat.eu, паводле «Бі-бі-сі»

Стужка навінаў