Кім быў Гіві? Галоўнае пра тэрарыста-любімчыка «расейскага свету»


Мы сабралі самыя красамоўныя факты аб прарасейскім тэрарысце Гіві, які ваяваў супраць украінскага войска і мірных жыхароў на Данбасе.

Ілавайскі «кацёл»

Тэрарыст пад мянушкаю Гіві стаўся вядомым пасля баёў пад Ілавайскам. Украінская групоўка войскаў трапіла ў «кацёл». У акружэнні тэрарыстычных сілаў, падмацаваных расейскімі вайскоўцамі-«адпускнікамі» украінцы атрымалі гарантыі выхаду праз «гуманітарны калідор», але былі расстраляныя падчас адступлення.

У «зачыстках» бралі ўдзел тэрарысты з банды «Самалі», якой кіраваў Гіві.

«Ілавайск – усё было распланавана заранёў, і мы рабілі сваю справу, пастаўленую задачу. Гэтую задачу мне паставіў Конананаў Уладзімір Пятровіч, міністр абароны: падтрымаць Ілавайск любымі шляхамі. Я ўтрымліваў Ілавайск сваймі людзьмі, у першую чаргу. (…) Дарога ад Ілавайску да Успенкі была забітая тэхнікай, забіта ў хлам. Так што немагчыма было праехаць, мы адцягвалі тэхніку сваймі сіламі, каб людзі маглі ездзіць па гэтай вызваленай дарозе», – распавядаў пра свой удзел у баях пад Ілавайскам Гіві.

Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, у баях за Ілавайск загінулі больш за 300 ваенных, сепаратысты заяўлялі, што не менш за 900. Цяпер горад знаходзіцца пад кантролем «ДНР».


Клоўн?

Пасля Ілавайску Гіві становіцца героем дзясяткаў рэпартажаў на расейскім тэлебачанні. Як і з баевіка Матаролы, з яго «лепяць» вобраз простага, шчырага хлопца, які «абараняе сваю зямлю». У сваіх зваротах і заявах разам з Матаролам тэрарысты відавочна «працуюць на публіку».

У 2014 годзе, калі група ўкраінскіх жаўнераў абараняла а сепаратыстаў будынкі Данецкага аэрапорту, Матарола і Гіві запісалі зварот да «кібаргаў», называючы іх «підаргамі».

Вялікую ролю ў папулярызацыі тэрарыстаў Матаролы і Гіві, акрамя расейскіх медыяў, адыграў журналіст з Вялікай Брытаніі Грэхэм Філіпс, які не хавае сваёй сімпатыі да прарасейскіх тэрарыстаў на Данбасе.


Кат

У 2015 годзе прадстаўніца Міністэрства абароны Украіны, памочніца начальніка Генштабу Таццяна Рычкова ў адным з інтэрвʼю заявіла, што Гіві паказальна расстрэльваў параненых украінскіх жаўнераў, якія трапілі ў палон. Прадстаўніца Украіны спаслалася пры гэтым на паказанні грамадзяніна Расеі, які трапіў у палон на Данбасе.

«Ты, чмо, навошта сюды прыпёрлася»? – крычыць на ўкраінскіх жаўнераў баевік і просіць у сваіх падначаленых нож. Жаўнеры стаяць на каленях. «Гіві» адразае з рукавоў вайскоўцаў украінскія сцягі і запіхвае іх салдатам у рот. «Шчыра скажу, вам пашчасціла, вы застаняцеся жывыя», – крычаць «Гіві». Палонным завязваюць вочы і кідаюць жаўнераў у машыну.

Пра тое, што Гіві адрозніваўся садызмам і жорсткасцю ў дачыненні палонных, вядома са сведчанняў тых, каго вызвалілі з рук «ДНР» ды з некаторых відэа з удзелам Гіві.


На «падпалкоўніка Гіві» ужо быў замах

У сакавіку 2015 году зʼявіліся паведамленні, што Гіві спрабавала забіць «дыверсійная група»: калі ён ехаў на пазіцыі ля Данецкага аэрапорту, невядомыя абстралялі машыну «падпалкоўніка ДНР».

«У выніку нападу пашкоджаная машына падпалкоўніка Талстых (сапраўднае прозвішча Гіві – рэд.), сам ён не пацярпеў, бо ў час выскачыў з машыны і адкрыў агонь на паражэнне па машыне нападнікаў, пашкодзіўшы ім правы бок, прастрэліўшы заднюю фару», – паведамілі прадстаўнікі групоўкі «Самалі».

Таксама ў адным з інтэрвʼю Гіві распавядаў, што яго ледзь не забіў снайпер.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў