Кілер Шарамета – жанчына: апублікавалі відэа закладання выбухоўкі


Выбуховую прыладу пад аўтамабіль «Subaru», на якім Павел Шарамет паехаў на ранішні эфір, заклала жанчына. На запісах камер відаць, што з ёй у пары працаваў і мужчына.

У распараджэнні «Обозревателя» аказаліся запісы камер назірання, зробленыя за некалькі гадзін да забойства Паўла Шарамета.

Невядомы мужчына а 00:22 гадзіне (такі час зафіксавала камера назірання) падыходзіць да прыпаркаванага аўтамабіля, на якім ездзіў Шарамет. Ён прысеў каля дзвярэй з боку кіроўцы і падрыхтаваў усё для прымацавання выбуховай прылады, працёршы дно «Subaru».

А 02:33 мужчына і жанчына ідуць у кірунку дому, дзе жыў Шарамет – з вуліцы Яраславаў Вал уніз на Івана Франка – на адлегласці каля 15 метраў адно ад аднаго.

У руках жанчыны торба ці пакет – прыкметна, што ноша важкая. Паводле інфармацыі «Обозревателя», следства лічыць, што менавіта ў ёй знаходзілася бомба.

А 02:38 відаць, што двое сустрэліся, перакінуліся некалькімі словамі і разышліся ў розных бакі дарогі. Мужчына стаў імітаваць хаду чалавека нападпітку.

А 02:39 мужчына ідзе ўніз, а жанчына ў гэты час спыняецца ля аўтамабіля «Subaru», дастаючы з сумкі/пакета выбуховую прыладу, пасля чаго закладвае яе пад дно (у раёне сядзення кіроўцы), а потым сыходзіць. Працэс закладкі заняў не больш за хвіліну.

Па версіі следства, мужчына, знаходзячыся праз дарогу, «страхаваў» жанчыну-кілера.

Крыніца «Обозревателя» паведаміла, што месца ў глыбіні двара, дзе звычайна паркавалі «Subaru», аказалася занятае мікрааўтобусам з іншагароднімі нумарамі. Як толькі аўтамабіль «Subaru» паставілі на вольнае месца, бус зʼехаў. Ці было гэта выпадковасцю – пакуль невядома. Аднак правяраецца версія, што гэта было зроблена наўмысна, каб аблегчыць «працу» кілераў – гэта значыць прымусіць кіроўцу «Subaru» паставіць аўтамабіль далей ад вокнаў, у зручным для закладкі выбуховай прылады месцы.

Выбух адбыўся раніцай, 20 ліпеня, на скрыжаванні вуліц Івана Франка і Багдана Хмяльніцкага. Шарамет выехаў з дому і праехаў да скрыжавання ўсяго некалькі дзясяткаў метраў. Паводле папярэдніх звестак, пры забойстве журналіста выкарысталі выбуховую прыладу з дыстанцыйным кіраваннем. Адзначым, што аўто належала кіраўніку выдання «Украінская праўда» Алене Прытуле – грамадзянскай жонцы Паўла.

Увагу экспертаў прыцягнуў мужчына з кіем, які «паводзіў сябе ненатуральна». Былы аператыўнік варшаўскай паліцыі Анджэй Мрочак не выключыў, што зафіксаваны на запісы мужчына можа быць патэнцыйным забойцам Шарамета.

МЯ, паводле obozrevatel.com

Глядзі таксама
Каментары