Кіеў ды Крэмль па-рознаму ўспрынялі забойства Паўла Шарамета


І Павел Шарамет, і Алена Прытула скардзіліся на тое, што за імі сочаць. Апошняя нават казала, што ёй пагражалі. Афіцыйны Кіеў назваў сённяшняе забойства жахлівым злачынствам ды не выключыў прысутнасці расейскага следу. У сваю чаргу Крэмль лічыць інцыдэнт наступствам нестабільнай палітычнай сітуацыі ў самой Украіне.

Правесці грунтоўнае расследаванне, як мага хутчэй знайсці ды пакараць злачынцаў. Афіцыйны Кіеў дае рашучы адказ забойцам Паўла Шарамета. Трагедыя знайшла водгук у найвышэйшых уладаў Украіны.

ПЯТРО ПАРАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ УКРАІНЫ:

«Сёння адбылося жахлівае злачынства. Жорстка забіты вядомы журналіст, мой добры знаёмы Павел Шарамет. Гэты чалавек быў таленавітым журналістам, сапраўднай асобаю, сапраўдным патрыётам. Ва Украіне ён знайшоў другую бацькаўшчыну».

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка асабіста звярнуўся да родных і блізкіх Паўла.

ПЯТРО ПАРАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ УКРАІНЫ:

«Я выказваю спачуванні родным і блізкім, Алёне Прытуле. Я хачу сказаць, што ў гэты цяжкі час мы побач».

Сённяшняя трагедыя стала шокам і для жыхароў Расеі. Асноўнымі тэмамі ў журналісцкіх колах былі версіі і матывы забойства вядомага журналіста. Тыя ж, хто асабіста ведаў Паўла, не могуць паверыць, што яго больш няма.

УЛАДЗІМІР КАРА-МУРЗА, ЖУРНАЛІСТ, РАСЕЯ:

«Мы з Паўлам бачыліся тры дні таму, разам абедалі ў Кіеве. Ён, як заўсёды, быў вясёлы, поўны жыцця, поўны планаў. Мы абмяркоўвалі ягоныя планы працы на радыё і тэлебачанні. Ён збіраўся прыехаць у Маску праз два тыдні. Блізка да сэрца прымаў усё, што адбываецца на Беларусі. Прайшло ўсяго тры дні. Сёння раніцою прачнуўся і прачытаў гэтую жахлівую навіну. Проста страшна! Страшна, што ў нас забіраюць такіх людзей».

На забойства Паўла Шарамета зрэагаваў і Крэмль. Улады Расеі назвалі інцыдэнт прычынаю да сурёзнай занепакоенасці. Як падкрэслілі ў Маскве, журналісту ў Расеі (у адрозненне ад Украіны) ніколі не пагражала фізічная расправа. Ягоны пераезд у Кіеў назвалі ракавым, а Міністэрства замежных справаў Расеі ў асобе афіцыйнай прадстаўніцы Марыі Захаравай спрабавала шукаць палітычныя інтрыгі.

МАРЫЯ ЗАХАРАВА, АФІЦЫЙНАЯ ПРАДСТАЎНІЦА МЗС РАСЕІ:

«У Кіеве ўзарвалі аўтамабіль, у якім быў Павел Шарамет. Прафесіянал, які не баяўся казаць уладзе, што пра яе думае. Рознай уладзе, у розныя часы. Украіна (не краіна, а сістэма) становіцца брацкаю магілаю журналістаў і журналістыкі».

У сваю чаргу ва Украіне сёння шукалі расейскі след у гібелі Паўла Шарамета. Дарадца міністра ўнутраных справаў і дэпутат Вярхоўнай рады Антон Герашчанка ў эфіры тэлеканалу «112 Украіна» заявіў наступнае.

АНТОН ГЕРАШЧАНКА, ДАРАДЦА МІНІСТРА ЎНУТРАНЫХ СПРАВАЎ:

«Я не выключаю версіі расейскага следу, следу расейскіх спецслужбаў. Ён быў працаўніком «Українськай правды», быў у добрых дачыненнях з Аленаю Прытулай, і гэта пачынае нагадваць справу журналіста Гангадзэ».

Гібель Паўла Шарамета выклікала і іншыя каментары ў самой Украіне. Для былога прэзідэнта Грузіі, а цяпер дзейнага кіраўніка Адэскай вобласці Міхэіла Саакашвілі сённяшні дзень стаў нагодаю да крытыкі палітычнай сітуацыі. Назваўшы Паўла сваім сябрам, ён адзначыў…

МІХЭІЛ СААКАШВІЛІ, СТАРШЫНЯ АДЭСКАЙ АБЛАСНОЙ АДМІНІСТРАЦЫІ:

«Яго забойства тэрарыстамі сёння ўмацоўвае мяне ў адчуванні, што нам, усёй краіне, рыхтуюць нешта вельмі небяспечнае, а палітычны клас з заплюшчанымі вачыма вядзе нас у прорву».

За сітуацыяй вакол забойства Паўла Шарамета сочаць таксама ў ЗША і ў Еўразвязе. Міжнародная супольнасць чакае ад украінскіх уладаў грунтоўнага расследавання забойства вядомага журналіста.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Стужка навінаў