Кіеў: ля Адміністрацыі прэзідэнта ізноў гараць апоны


Актывісты сабраліся непадалёк Адміністрацыі прэзідэнта Украіны ды патрабавалі ад Пятра Парашэнкі давесці да канца расследаванне і пакараць выканаўцаў ды арганізатараў расстрэлу «Нябеснай сотні».

Непасрэдна да будынку Адміністрацыі пратэстоўцаў не пусцілі спецпадраздзяленні міліцыі. Маніфестанты нагадалі пра перадвыбарчыя абяцанні Парашэнкі, якія дагэтуль не выкананыя. У прыватнасці – хутка завяршыць АТО, прадаць уласны бізнес, пакараць вінаватых у расстрэле Майдану ды інш.

Актывістаў абурыла рашэнне суда, паводле якога, на волю выйшаў камандзір спецроты «Беркуту» Дзмітрый Садоўнікаў, якога называюць адным з галоўных ініцыятараў расстрэлаў на Майдане. Адначасова з гэтым позвы ў пракуратуру атрымалі актывісты, што разбілі нос рэгіяналу Нестару Шуфрычу. Гэты палітык галасаваў за «дыктатарскі закон», паводле якога любога ўдзельніка Майдану маглі кінуць за краты на 15 гадоў, ды арганізоўваў атрады цітушак.

Маніфестанты таксама патрабавалі неадкладнага вызвалення жаўнераў, што трапілі на Данбасе ў палон.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў