Кіданне дзіды і веславанне на каноэ – у Бразіліі прайшлі першыя Сусветныя гульні карэнных народаў


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/6uKeZ9bbtk8″][vc_column_text]У Бразіліі прайшлі першыя Сусветныя гульні карэнных народаў. Стралянне з лукаў, кіданне дзіды, веславанне на каноэ, ці традыцыйны бразільскі футбол, дзе можна біць па мячы толькі галавой ­ вось такія дысцыпліны. Амаль як Алімпіяда, толькі спартоўцы трэнуюцца не ў спартзалах, а там дзе жывуць – ­ у джунглях ці ў тайзе. Аднак у гэтай спартова­-культурнай імпрэзы ёсць свой чорны бок.

Інтэграцыя народаў, захаванне і пашырэнне культураў і традыцыяў – так гучаць афіцыйныя мэты Гульняў. Аднак самі спартоўцы кажуць, што і да сёння працягваецца генацыд іх народаў. Тыя прадстаўнікі карэнных народаў, што адмовіліся ўдзельнічаць у спартовай імпрэзе, абвінавачваюць палітыкаў у выкарыстанні гульняў у карупцыйных інтарэсах.

У Бразілію прыехалі прадстаўнікі карэнных народаў з 23-х краінаў свету, ад Новай Зеландыі да Скрайняй Поўначы Расеі. Іх традыцыйныя віды спорту – гэта хутчэй лад жыцця, спосаб палявання ці абароны. Упершыню бразільскія Гульні карэнных народаў сталі сусветнымі.

Саіна, спявачка з Якуціі, Расея:

«Для аб’яднання, злучнасці, каб звярнуць увагу на праблемы, якія ёсць у карэнных народаў свету, падняць статус, прэстыж».

А праблемы балючыя. Частка гэтых народаў на сваёй жа зямлі, дзе жылі спрадвеку, жыве ў статусе выгнанцаў.

Убіранан, народ Паташо, Бразілія:

«У гульняў ёсць добры бок: людзі даведваюцца пра нашую культуру, і дрэнны – бо ўмешваецца палітыка. Напрыклад, у народзе Гуарані-Кайёва адбываюцца масавыя суіцыды, бо ў іх адбіраюць зямлю. Але арганізатары звяртаюць увагу толькі на прыгажосць культуры карэнных народаў».

Фету Рангіхаеата, народ Маоры, Новая Зеландыя:

«Мы выдатна разумеем і адчуваем боль тутэйшых карэнных народаў, у якіх адбіраюць зямлю, якіх выганяюць з іх дамоў. У нас таксама ёсць гэтая праблема ў Новай Зеландыі, не настолькі экстрэмальная, але мы дагэтуль вымушаныя змагацца».

Пакуль на стадыёне гораду Паўмас спартоўцы страляюць з лукаў, у бразільскай сталіцы дэпутаты ніжняй Палаты Кангрэсу рыхтуюць папраўку ў Канстытуцыю. Калі яна пройдзе праз Кангрэс, землі карэнных бразільцаў выйдуць з-пад кампетэнцыі Мінюсту пад уладу тых самых дэпутатаў, сярод якіх нямала прадстаўнікоў аграрнага лобі.

Антоніў Вэрысіму, народ Апінажэ, Бразілія:

«Хаця некаторыя тэрыторыі афіцыйна адданыя карэнным народам, фактычна іх не абараняюць. Зямлю захопліваюць здабыўцы выкапняў, дрывасекі, арандатары. Гэтыя Сусветныя гульні карэнных народаў мы расцанілі як правакацыю, бо ідэя сыходзіла ад нашага галоўнага ворага – Каці Абрэў, якая была сенатаркай, а сёння яна міністр агракультуры. І яна прадстаўляе інтарэсы якраз тых, хто захоплівае і спрабуе зменшыць тэрыторыі карэнных народаў».

Гэта адна з прычынаў, чаму з трохсот карэнных народаў Бразіліі на Гульнях выступіла 24. Апроч байкоту, карэнныя бразільцы ладзяць акцыі пратэсту на стадыёне і ў ваколіцах. Праблему карэнных народаў свету даўно заўважылі ў ААН, але рашэння так і няма.

Альфрэд Дэ Зайас, незалежны эксперт ААН па прасоўванні дэмакратычнага і справядлівага міжнароднага парадку:

«Карэнныя народы маюць права самі вызначаць прыярытэты і стратэгіі свайго развіцця і выкарыстання сваіх земляў і тэрыторый ды іншых рэсурсаў» – кажуць законы. Але калі пытанні вырашаюць дзяржава ды інвестары, пра гэта можна забыць».

Асабліва ў Бразіліі, дзе і кіроўная партыя, і прэзідэнтка Дыўма Русэф папросту не вылазяць з карупцыйных скандалаў.

Свята нацыянальных відаў спорту і культураў, здаецца, мусіць палепшыць становішча карэнных народаў. Але, калі галоўныя праблемы гэтых народаў будуць не вырашаныя, то на наступныя гульні прыедзе менш спартоўцаў. Бо іх саміх будзе менш.

Вольга Ермалаева-Франко, belsat.eu, Бразілія[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў