Кіберспорт у Беларусі – спартовая дысцыпліна


Камп’ютарныя гульні афіцыйна сталі часткаю здаровага ладу жыцця. І канкурэнтам хакею.

Міністэрства юстыцыі Беларусі зарэгістравала Рэспубліканскае грамадскае абʼяднанне «Беларуская федэрацыя кіберспорту».

«Дадзенае грамадскае абʼяднанне створана з мэтай развіцця кіберспорту ў Рэспубліцы Беларусь, як частцы міжнароднага спартыўнага руху, і падрыхтоўка грамадзянаў краіны да жыцця ў інфармацыйным грамадстве, фармавання здаровага ладу жыцця», – падае міністэрства.

Каментатар «Прэсболу» Андрэй Вашкевіч лічыць падзею гістарычнай: «Гэтая федэрацыя вельмі хутка – яшчэ за нашыя жыцці – стане галоўнай у Беларусі».

«Яна [федэрацыя] будзе развіваць тое, што сапраўды цікава масам (у адрозненні ад хакея або футболу). Тое, што без школы, загадаў, бацькоў і кніжак ведаюць усе дзеці», – кажа эксперт.

Кіберспорт – від спорту, заснаваны на спаборніцтвах у віртуальнай прасторы.

Як і ў звычайным спорце, займацца кіберспортам можна на аматарскім узроўні, для сябе, і прафесійным – бяручы ўдзел у турнірах па камп’ютарных гульнях.

Стужка навінаў