30-я ўгодкі адкрыцця праўды пра Курапаты: ва ўрочышча прыйшло некалькі сотняў чалавек. СТРЫМ




У Курапатах прайшоў дазволены гарадскімі ўладамі мітынг-рэквіем «Дзень памяці пра генацыд», прысвечаны ўгодкам адкрыцця праўды пра масавыя расстрэлы ва ўрочышчы у сталінскія часы. 30 гадоў таму ў газеце «Літаратура і мастацтва» выйшаў артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога смерці», які распавёў грамадству страшную праўду пра тое, што адбывалася ва ўрочышчы.

14:57 Удзельнікі мітынгу ўскладаюць кветкі. Пасля гэтага адбудзецца мастацкая частка мітынгу. Людзі пройдуць па дарозе смерці на ўзвышша ў цэнтры Мемарыялу, дзе адбудзецца дэкламацыя вершаў, прысвечаных Курапатам і твораў беларускіх паэтаў расстралянага пакалення.

14:40 4 чэрвеня а 12:00 каля рэстарану «Паедзем. Паядзім», што ў 50 метрах ад урочышча адбудзецца нарада абаронцаў Курапатаў. Удзельнікі нарады ды дэмакратычная грамадскасць выступаюць супраць адкрыцця гэтай забаўляльнай установы побач з Мемарыялам.

14:43 Павел Белавус з symbal.by у сваім выступе прыгадаў, што ў 2018 годзе спаўняецца 30 гадоў з дня заснавання партыі БНФ, а таксама пра збор ахвяраванняў на будаўніцтва ходніка ў Курапатах – «Брукаванкі памяці».

14:08 «Нашае кіраўніцтва абыякавае ды жыве яшчэ ў савецкім часе, вось таму тут і будуюць гэты рэстаран», – кажа жанчына сталага веку, якая прыйшла ў Курапаты, каб ускласці кветкі на сімвалічнай магіле ейных родных, рэпрэсаваных у сталінскія часы.

13:44 Арганізатары мітынгу уключылі запіс звароту Зянона Пазняка. Кіраўнік КХП-БНФ назаў рэстаран «Паедзем. Паядзім», які плануюць адкрыць побач з урочышчам, «завядзеннем бардэльнага тыпу». Старшыня партыі таксама выказаў меркаванне, што рэстаран застрахуюць, а пасля падпаляць, «скінуўшы віну за падпал на нацыяналістаў».

13:30 «Гэта быў генацыд. Забівалі па нацыянальных прыкметах. Забівалі беларусаў. Трэба памятаць пра гэта. Бо ён [генацыд. – Заўв. Belsat.eu] не спынены – знішчаецца нашая мова і культура», – заявіў падчас сваёй прамовы намеснік старшыні КХП-БНФ Сяргей Папкоў.

13:25 «Курапаты былі другім тэктанічным зрухам у грамадстве пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС», – кажа філолаг і гарадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі.

13:20 Ва ўрочышча прыйшло каля сотні чалавек.

Нагадаем. што ўжо некалькі дзён трывае пратэст супраць адкрыцця побач з Курапатамі рэстарацыі «Паедзем. Паядзім». Актывісты спачатку прасілі ўлады паўплываць на сітуацыю, а пасля вырашылі дзейнічаць самастойна. Яны спрабуюць блакаваць заезд машынаў з прадуктамі на тэрыторыю рэстарацыі.

«Бізнесу тут не будзе, нават калі нас будуць саджаць за краты», – сказаў Павел Севярынец.

Падрабязней пра адкрыццё Курапатаў можна даведацца ў адной серыяў дакументальнага цыклу «Сведкі». У другой палове праграмы вядоўца Вячаслаў Ракіцкі размаўляе з тагачасным галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва» Анатолем Вярцінскім.



Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД забілі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 000 да 250 000 чалавек.

ЮВ, ГА, ІІ, belsat.eu

Фота – Ірына Арахоўская

Стужка навінаў