Кемерава: салідарнасць беларусаў ці PR Лукашэнкі?

Wideo

Рэакцыя беларусаў на пажар у расейскім Кемерава і белыя шарыкі ў памяць пра ахвяраў – спантанная акцыя ці перахопленая ўладамі ініцыятыва?

Белыя шарыкі ў памяць пра загінулых у Кемерава – у Расеі ды Беларусі людзі выпусцілі іх тысячы. Лукашэнка патэлефанаваў Пуціну са спачуваннямі, а ўсе тры сыны кіраўніка дзяржавы наведалі расейскую амбасаду ці ўсклалі кветкі. Хто пачаў гэтую акцыю ў Расеі, каму яна патрэбная ў Беларусі? Пра гэта Сяргей Пеляса разважае з сацыёлагам, даследнікам медыяў і журналістам «Белсату» Аляксандрам Папком.

– Каму патрэбная гэта акцыя – ці яна нізавая, спантанная ці не?

– Паводле некаторых звестак, першая акцыя прайшла ў Кемераве, і яе ініцыявала гарадская адміністрацыя, але сама ідэя выпускаць шарыкі ў паветра хутчэй нізавая. У Расеі гэтая акцыя распаўсюджвалася спантанна. Трэба сказаць, што яна прайшла не толькі ў Расеі, не толькі ў Беларусі. Магчыма, больш масава, чым у Беларусі, яна прайшла ў Казахстане, дзе на цэнтральных вуліцах збіраліся людзі. Больш як у дзесяці гарадах таксама выпускалі ў паветра белыя шарыкі.

«Интерфакс» паведаміў, што прэс-служба абласной дзяржаўнай адміністрацыі са спасылкай на намесніцу губернатара Алену Пахомаву запрасіла ўсіх неабыякавых жыхароў Кемераўскага рэгіёну прыйсці а 19:00 паводле мясцовага часу і «выпусціць у неба белыя геліевыя шары, як сімвал светлых душаў загінулых дзяцей ды іхных бацькоў». То бок, яўна выглядае, што гэта акцыя, інспіраваная мясцовымі ўладамі. У мяне такое ўражанне, што гэта нейкі антымайдан – скіраваць пратэст на штосьці такое сімвалічнае, салідарнасць, але бяспечнае для ўладаў. Што ты пра гэта думаеш?

– Адразу пасля гэтай трагедыі ў Расеі адбыўся падзел пратэстных акцыяў ці акцыяў памяці. У Маскве і Пецярбургу гэта было вельмі відавочна. Адбыліся спантанныя акцыі. І ўлады, даведаўшыся пра іх, абвесцілі, што запрашаюць людзей на акцыі памяці, але ў іншых месцах. Такім чынам мы можам казаць, што адбываецца нейкі перахоп ініцыятывы. Але як я ўжо казаў, у першыя дні пасля трагічнага пажару па ўсёй Расеі людзі выходзілі абсалютна спантанна. І ўлады, зразумела, не маглі забараніць людзям выказваць жалобу.

– Але быў і пратэст супраць уладаў, былі патрабаванні. Адным з лідараў пратэсту ў Кемерава стаў Вострыкаў, вядомы расеец, які страціў усю сямʼю, – сястру, жонку і трох дзяцей. Мяне не пакідае ўражанне, што гэта такая каналізацыя пратэсту, нават тэхналогія каляровай рэвалюцыі, але выкарыстаная з абарончымі мэтамі ўладамі ды адміністрацыяй.

– Я магу дапусціць такую думку, але на гэты момант у мяне няма доказаў, нават ускосных такіх дзеянняў. Адзінае, што я магу сказаць, што сапраўды ўзніклі ва ўсёй краіне спантанныя акцыі. Улады не ведалі, што з імі рабіць. У некаторых буйных расейскіх гарадах гэтыя акцыі прынялі палітычны характар. І ўлады ўжо на другі-трэці дзень пасля трагедыі пачалі праводзіць паралельныя акцыі памяці. Таму вельмі магчыма, што запусканнем шароў гарадскія ўлады хацелі…

– Перахапіць ініцыятыву?

– Так.

– У Беларусі таксама – напрыклад, у Горадні – прайшла такая акцыя. Але шмат гарадоў было. Гэта былі не толькі абласныя цэнтры, але і райцэнтры – Кобрын, з якога я паходжу.

Я не памятаю, каб у Кобрыне адбываліся нейкія акцыі. Акрамя пікетаў на Дзень Волі ці маўклівых пратэстаў. Гэта ўсё рабіла апазіцыя. А тут такая акцыя, зʼяўляецца маса шароў, тысячы. У «Facebook» карыстальнік Victor Igorevich пісаў, што «ў групах «Viber» некаторыя людзі распаўсюджваюць аднолькавае паведамленне. Такое ўражанне, што тэкст быў напісаны ў нейкім прапагандысцкім цэнтры».

Цікава, што гэта ў «Viber». Ці гэта азначае, што Беларусь вельмі моцна звязаная з Расеяй у такім сацыяльным, псіхалагічным сэнсе, нейкім ідэалагічным нават, што беларусы падтрымалі? Ці не толькі беларусы?

– Вось як я ўжо казаў, гэтую акцыю падтрымалі не толькі беларусы. Больш масава, чым у Беларусі, яна прайшла ў Казахстане. І можна ўбачыць дзясяткі відэа з розных гарадоў Казахстану, дзе людзі таксама збіраюцца і запускаюць белыя паветраныя шарыкі. Таксама адзінкавыя відэа можна знайсці з Малдовы і нават з Украіны. Я не маю доказаў, што гэта нейкім чынам спланаваная аперацыя, але дакладна можна сказаць, што Беларусь, як і Казахстан, жывуць з Расеяй у адной інфармацыйнай прасторы.

– Гэта што, інфармацыйны ўплыў Расеі, гэтак званы «русский мир», расейскамоўная аўдыторыя, якая карыстаецца расейскім тэлебачаннем і расейскімі інтэрнэт-рэсурсамі?

– У пэўным сэнсе так, але я б сказаў, што гэта не проста інфармацыя палітычнага характару ці эканамічнага, нейкія паведамленні з міжнароднага жыцця. Людзі натуральным чынам спачуваюць загінулым дзецям. Праз тэлебачанне ды інтэрнэт трагедыя прыйшла ў кожны дом. І людзі натуральным чынам ставяцца да гэтых загінулых дзяцей, да іх маці і бабуль, якія згарэлі ў кіназале, як да сваіх знаёмых. Гэта кранае кожнага чалавека, і таму ў кожнага чалавека ўзнікае натуральнае памкненне нейкім чынам адрэагаваць, нейкім чынам выліць свой боль. Калі б людзі, напрыклад, не запускалі паветраных шарыкаў, яны б неслі кветкі ў цэнтры гарадоў ці да амбасадаў дыпламатычных прадстаўніцтваў Расеі, як гэта, дарэчы, адбылося ва ўсёй Еўропе.

– Так, у Еўропе гэта былі ў асноўным кветкі. Дарэчы, цікава naviny.by напісалі, што цацкі ды кветкі, якія беларусы прынеслі да амбасады РФ, аказаліся ў сметніку. Яны ўжо нікому не патрэбныя, у тым ліку цацкі. Я хацеў сказаць менавіта пра Беларусь, болей паразмаўляць. Акрамя гэтай спантаннай, крыху інспіраванай уладамі акцыі ў Беларусі, адрэагавалі ўлады. Лукашэнка патэлефанаваў Пуціну, але праз пэўны час. Ён не адразу патэлефанаваў – здаецца, праз тры дні, 28 сакавіка. І Беларусь абвесціла дзяржаўную жалобу таксама. Мне падаецца, што гэта зноў жа троху цынічнае выкарыстанне трагедыі, каб паказаць, што мы браты, блізкія і спачуваем, а насамрэч пераследаваць свае нейкія іншыя мэты.

Гэта вельмі трагічная эмацыйная падзея. У беларускім грамадстве яна выклікала не меншы шок, чым у грамадстве расейскім. Але калі казаць пра палітычныя рэчы, то палітыка – гэта даволі цынічная рэч, якая базуецца на разліку. Кіраўніцтва Беларусі не адзін раз паказвала сімвалічна сваю сувязь з Расеяй. І такія сімвалічныя рэчы дапамагалі беларускаму кіраўніцтву дабівацца нават нейкіх эканамічных паслабленняў, паляпшаць свой імідж.

– Які прыклад можна прывесці?

– Функцыянер беларускага Міністэрства спорту Фомачкін, які на Паралімпіядзе ў Рыа вынес сцяг Расеі. Тады, калі паралімпійскай камандзе Расеі забаранілі выступаць праз допінгавы скандал.

– Гэтак Беларусь паказала лаяльнасць.

– Такім чынам выказала падтрыманне, і мы памятаем, якую хвалю салідарнасці і сімпатыі гэта абудзіла ў Расеі. На такую сімпатыю расейскае кіраўніцтва проста не магло не адказаць. Такім чынам, калі мы бачым усіх трох сыноў Лукашэнкі…

– Я хацеў запытаць пра сыноў. Цікава, што сыны Лукашэнкі, акрамя Колі, вельмі рэдка зʼяўляюцца ў медыях. Найчасцей гэта Мікалай. Ён і кітайцаў віншуе, чаго толькі ні робіць. Яго выкарыстоўваюць у PR, такі чалавечы твар Лукашэнкі. Віктар часам зʼяўляецца ў медыях, усё ж такі ён на дзяржаўнай пасадзе. Дзмітрый, сярэдні сын, найрадзей. А тут былі заангажаваныя ўсе сыны ў гэтую акцыю. Як ты гэта ацэньваеш: каб узмацніць мэсідж лаяльнасці ці спантанны крок? Яны самі гэта прыдумалі, ці тата ім загадаў?

Фота Белта Віктар і Мікалай Лукашэнкі ўскладаюць кветкі да амбасады РФ у Менску.
Фота Белта Віктар і Мікалай Лукашэнкі ўскладаюць кветкі да амбасады РФ у Менску.

– На відэа, якое зняло інфармагенцтва БелаПАН, я бачыў двух сыноў Лукашэнкі. Мікалая, а таксама Віктара.

– А Дзмітрыя я бачыў асобна, на асобным здымку ўскладаў кветкі.

Амбасада РБ у РФ. Дзмітры Лукашэнка ўскладае кветкі на Манежнай плошчы ў Маскве

– Вельмі магчыма. Што было цікава, Віктар Лукашэнка ўпершыню за даволі працяглы час нешта сказаў у камеру. Ён даваў каментар, а каментары ён дае вельмі рэдка. Калі мы бачым дзесьці Мікалая Лукашэнку, які выступае з нейкай прамовай, нават калі віншуе кітайцаў з Новым годам, гэта спланаваная PR-акцыя. І ён не робіць гэта з уласнае ініцыятывы. Таксама калі мы бачым сыноў Лукашэнкі, якія прыходзяць разам з журналістамі, ускладаюць кветкі і нешта каментуюць, гэта таксама робіцца паводле загаду, і гэта спланавана.

– То бок, у Беларусі ёсць і спантанная, шчырая рэакцыя эмацыйная, але ёсць і палітычны разлік. У мяне таксама пачуццё, што беларускае грамадства падзеленае. Што адныя выйшлі ды пусцілі шарыкі. Яны лічаць свой абавязак выкананым, але іншыя людзі абураюцца: што вы робіце, трэба ў царкву ісці маліцца, гэта не тая форма. Гэтая трагедыя беларусаў не толькі абʼяднала, але і падзяліла.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Таксама ў праграме:

Глядзі таксама
Каментары