КДК пацвердзіў затрыманне Віктара Пузікава – яго вінавацяць у нявыплаце падаткаў


Камітэт дзяржаўнага кантролю заяўляе, што кіраўнік і фактычны ўласнік менскай службы таксі «Алмаз 7788» Віктар Пузікаў не заплаціў больш за 1,4 млн. руб. падаткаў.

«Устаноўлена, што дадзены кіраўнік на працягу 2015-2017 гг. рэгулярна атрымліваў ад афіцыйных і «нелегальных» таксістаў, якім аказваў дыспетчарскія паслугі таксі, наяўныя грашовыя сродкі, якія не адлюстроўваў у бухгалтарскім уліку арганізацыі. Гэта давала магчымасць ухіляцца ад выплаты падаткаў. Паводле папярэдняй ацэнкі сума нявыплачаных падаткаў склала больш за 1,4 млн. руб», – паведамляюць у КДК.

У дачыненні да Віктара Пузікава і трох яго памагатых распачатая крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса. Справу вядзе ўпраўленне Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК па Менску і Менскай вобласці.

Двое падазраваных (у тым ліку Віктар Пузікаў) затрыманыя і знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Накладзены арышт на разліковыя рахункі і грашовыя сродкі, а таксама на 93 аўтамабіля і 30 абʼектаў нерухомай маёмасці агульным коштам больш за 2 млн. USD, якія належаць падазраваным.

«Выкарыстанне дадзенай схемы ўхілення ад выплаты падаткаў дазволіла дыспетчарскай службе таксі ўсталёўваць больш нізкія тарыфы, чым у іншых падобных арганізацыях, дзякуючы чаму на працягу апошніх гадоў ёй удалося заняць адну з дамінуючых пазіцый на рынку. У сувязі з гэтым даход, які штомесяц атрымліваў уласнік службы таксі за кошт выкарыстання супрацьпраўных схем, паводле папярэдніх ацэнак перавышаў 200 000 USD», – заяўляюць у КДК.

Учора пра затрыманне Пузікава паведаміў у Фэйсбуку кіраўнік абʼяднання «Перспектыва» Ігар Шумчанка – пра арышт прадпрымальніка ён даведаўся ад таксістаў. Афіцыйныя органы гэтую інфармацыю не каментавалі. Яшчэ сёння раніцай прадстаўнік Следчага камітэту Беларусі Юлія Ганчарова заявіла «Белсату», што СК не валодае інфармацыяй пра затрыманне Віктара Пузікава.

У 2015 годзе Віктар Пузікаў заняў 25-е месца ў рэйтынгу самых паспяховых маладых беларускіх бізнесменаў паводле версіі парталу probusiness.by.

 

ІІ,belsat.eu

Стужка навінаў