КДК падлічыў шкоду ад карупцыянера, пра якога «Белсат» рабіў журналісцкае расследаванне


Кіраўнік і працаўнікі камунальнага прадпрыемства ў Слоніме незаконна атрымлівалі прэміі.

Сума незаконных прэміяў перакрочыла 350 млн недэнамінаваных рублёў (больш за $ 17,5 тыс.).

Лічбу агучыў Слонімскі міжраённы аддзел фінансавых расследаванняў, які распачаў супраць былога кіраўніка крымінальную справу паводле ч.3 арт. 424 Крымінальнага кодэксу Беларусі («злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі»).

Увагу фінансавай міліцыі прыцягнулі выплаты дырэктару і ягоным працаўнікам вельмі значных прэміяў, якія, згодна з дзеючымі правіламі аплаты, залежаць ад прыбытку прадпрыемства.

Падчас праверкі выявілі, што ў 2013-2014 гадах прадпрыемства незаконна ўключала ў спіс выдаткаў, якія выплачваліся за кошт бюджэту, выдаткі па ўтрыманні пэўнай катэгорыі працаўнікоў і выкананні працаў у памеры 2 млрд недэнамінаваных рублёў. Такія маніпуляцыі дазволілі атрымліваць кампенсацыі выдаткаў з бюджэту, а не пакрываць іх за кошт уласных прыбыткаў, як патрабуе закон.

У выніку на паперах прадпрыемства аказалася прыбытковым, а яго кіраўніку і падначаленым налічваліся прэміі, сума якіх за два года перавысіла 350 млн недэнамінаваных рублёў. Пры гэтым значная частка гэтых сродкаў была выплачаная «паспяховаму» кіраўніку.

Раней экс-дырэктар ужо выклікаў цікавасць праваахоўнікаў з-за выкарыстання падначаленых для выканання будаўнічых працаў у доме свайго сына.

Пасля апісання ўсіх дэталяў становіцца зразумела, што гаворка вядзецца пра былога кіраўніка Слоніскага ЖРЭА Мікалая Сыантовіча. Ён быў «героем» праграмы «Белсату» «Людзскія справы», аўтарам і вядоўцам якой з’яўляецца Алесь Залеўскі. У сваім рэпартажы журналіст распавёў пра жыхароў вуліцы Танкістаў у Слоніме. Ім падчас прыватызацыі выставілі кошты капітальнага рамонту, які па сутнасці ў іх і не праводзіўся.

НМ, belsat.eu, паводле kgk.gov.by

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары