КДК абвінавачвае рыбныя гаспадаркі ў тым, што «не дакармілі» беларусаў


Дзяржкантроль разбіраецца, куды зніклі з прылаўкаў амур, шчупак ды сом.

Кантрольнае ведамства заявіла пра правал Дзяржаўнай праграмы развіцця рыбагаспадарчай дзейнасці на 2011-2015 гады. У першую чаргу не дасягнутая галоўная мэта – стабільнае забеспячэнне насельніцтва высакаякаснай рыбай, а таксама пастаўка яе на экспарт.

З апошнія пяць гадоў у краіне прадалі 63,3 тыс.тонаў рыбы – гэта толькі 60 % ад даведзенага плану.

Планавалася, што летась кожнаму беларусу ў сярэднім дастанецца ад 16 да 24 кілаграмаў рыбы, па факце ж атрымалася толькі 13,2 кілаграмы.

Прыпіскі і бессэнсоўная арэнда вадаёмаў

Няма чаканых вынікаў і ад правядзення навуковых даследаванняў, якія меліся б павысіць генетычны патэнцыял рыб, адзначаюць у КДК. А таксама звяртаюць увагу на неэфектыўнае выкарыстанне грошай, што выдаткоўваліся на распрацоўку і ўвядзенне рэцэптураў па вытворчасці камбікармоў для ласасёвых.

Такі камбікорм вырабляўся толькі на паперы і па асобных паказчыках, а таксама па цане саступаў імпартным аналагам.

Рэпартаж «Белсату» пра рыбацкі супраціў у Новалукомлі

Падчас праверкі выяўлена, што мясцовыя ўлады дапускалі парушэнні пры здачы ў арэнду абʼектаў рыбалоўства. Акрамя таго, пры неістотнай карысці дзяржаве ў выглядзе паступлення падаткаў і арэнднай платы дзейнасць шмат якіх арандатараў мае прыкметы браканьерства і ценявога бізнесу, мяркуюць у КДК.

Таксама Дзяржкантроль канстатуе адсутнасць на прылаўках амура, шчупака ды сома, якая ўтварылася ў выніку парушэнняў на рыбных гаспадарках.

НМ, belsat.eu, паводле прэс-службы Камітэту дзяржаўнага кантролю

Стужка навінаў