КДБ знайшоў «баевікоў», пра якіх казаў Лукашэнка? Нестыкоўкі ў справе «Белага легіёну»


«Сярод затрыманых актывістаў «Белага легіёну» ёсць прафесійныя баевікі», – паведаміў Камітэт дзяржаўнай бяспекі belta.by.

КДБ распачаў крымінальную справу па факце падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч.3 арт.293 КК РБ).

«Затрыманыя актывісты «Белага легіёну» на чале з Міраславам Лазоўскім, а таксама «Маладога фронту» на чале з Дзмітрыем Дашкевічам – усяго 26 чалавек», – піша дзяржаўнае агенцтва.

Сюжэт пра знойдзеную ў Міраслава Лазоўскага зброю 23 сакавіка паказаў тэлеканал СТВ. Паводле вайсковага карэспандэнту «Белсату» Антося Цялежнікава, на паказаным відэа – страйкбольная зброя.

«Як чалавек, які як карэспандэнт быў неаднаразова ў зоне баявых дзеянняў і ня раз бачыўшы баявую зброю, магу са 99-адсоткаваю дакладнасцю сказаць, што аўтамат, які выстаўляюць у матэрыяле СТВ у якасці зброі, зʼяўляецца звычайнай страйкбольнай цацкай і ня больш. Адзінай сапраўднай часткай на ім можа зʼяўляцца так званы пламягаснік, які сам па сабе не зʼяўляецца зброяй», – кажа Цялежнікаў.

Паводле Цялежнікава, belta.by таксама пужае людзей страйкбольнаю зброяй. Ніжэй на фота страйкбольны АКСУ.

Дзяржаўнае агенцтва паведамляе, што ў КДБ ёсць інфармацыя пра замежных наёмнікаў, якія мелі ўзяць удзел у «пратэстных мерапрыесмвах». Імаверна, маецца на ўвазе Дзень Волі 25 сакавіка.

21 сакавіка праваахоўнікі затрымалі Алеся Яўдаху. У той жа дзень затрымалі аднаго з экс-лідараў «Белага легіёну» Міраслава Лазоўскага. Акрываўленага Лазоўскага прывезлі дадому людзі ў масках для здзяйснення вобшуку, паведаміла крыніца Belsat.eu. Цяпер, імаверна, ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага.

Юля Букштановіч, нявеста Віктара Данілава (адзін з затрыманых па справе «баевікоў»), распавяла пра ператрус у іхнай кватэры, які пачаўся ў 0:40 22 сакавіка, а скончыўся каля 8 вечара.

Юля пералічвае рэчы, якія забралі следчыя КДБ:

«Гэта некалькі муляжоў гранат, у тым ліку пафарбаваная ў белы колер, якую паказалі на БТ. «Гэта фактычна сувеніры, без запалаў. У іх асадкі былі ўторкнутыя. Адна дымавая шашка», – кажа дзяўчына.

Яшчэ, паводле яе, забралі некалькі кніг, брашур, сцягоў. Пра забраную зброю Юля ведае наступнае:

«У Віктара ў сейфе былі дзве стрэльбы, ствол (проста металічная трубка) і муляж аўтамата. Стрэльбы зарэгістраваныя, гэта я дакладна ведаю – Віктар паказваў мне дакументы. Захоўвалася ўсё ў сэйфе, як мае быць. Гэта ўсё дасталі з сейфа, апісалі, упакавалі, склалі спіс, але потым пачаліся маніпуляцыі са зброяй. Віктара на той момант дома не было, ён ужо быў затрыманы. Нам так сказалі. Тады прывялі яго і пачалі браць у яго тлумачэнні. Мы яго ня бачылі, але чулі ягоны голас. Як казаў, што стрэльбы зарэгістраваныя, што гранаты – муляжы, што сцягі і шаўроны збірае для калекцыі. Яны ўсё гэта запісвалі і Віктара кудысьці павезлі. Але ператрус працягваўся. Недзе па абедзе прыходзяць і кажуць, што зноў на хвілінку прывязуць Віктара, трэба нешта спытаць. Тады, відаць, яго распытвалі на камеру. Я праз зацемненую шыбу дзвярэй бачыла толькі сылуэты і словы «Крупным планом». Потым чула задаволенае хіхіканне. Яшчэ чула, як яму загадвалі адказваць толькі «так« ці «не«, нічога не дадаваць. А калі гэта зноў пачыналася, дык яны бегалі туды-сюды і распакоўвалі рэчы, якія ўжо запакавалі. У выніку, калі мы з маці правяралі забраныя рэчы, дык на адзін аўтамат аказалася больш. Прычым у спісе яго не было, дык потым перапісвалі цэлую старонку. У зброі я не асабліва разбіраюся, але дакладна ведаю, што ў Віктара ўсё было зарэгістраванае і той новы аўтамат, які зʼявіўся, не ягоны», – распавяла Букштановіч svaboda.org.

Нагадаем, што жорсткія затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі, што ў Беларусі затрымалі баевікоў са зброяй, якія рыхтавалі правакацыю. Нібыта іхныя лагеры былі пад Бабруйскам, у Польшчы, Украіне і Літве.

Прааналізаваўшы відэаматэрыялы, якія выкарысталі дзяржаўныя тэлеканалы для асвятлення справы «Белага легіёну», мы не знайшлі адказу на наступныя пытанні:

1 Чаму дзяржаўнае агенцтва belta.by не паведамляе пра ўзбуджаную крымінальную справу па артыкуле «незаконнае захоўванне зброі»?

2 Чаму ў сюжэтах дзяржаўнага ТБ кажуць, што на аўтамаце Лазоўскага не было нумароў, але ніводнага кадру, які б падцвярджаў гэта – няма?

3 Глядзіце ўважліва!

belsat.eu

Стужка навінаў