КДБ затрымаў кіраўніка ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскай вобласці


Чуткі пра затрыманне начальніка упраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэя Стрыжака з’явіліся на мінулым тыдні, але толькі сёння ў КДБ пацвердзілі гэтую інфармацыю. Праваахоўныя органы не ўдакладняюць, у чым канкрэтна абвінавачваецца чыноўнік.

54-гадовы Андрэй Стрыжак у 1986 годзе скончыў медычны ўніверсітэт у Горадні, у 2007 годзе – Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. Доўгія гады працаваў лекарам у розных медычных установах краіны. Са снежня 2010 года – начальнікам упраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму.

У апошнія месяцы КДБ правеў цэлую серыю арыштаў па справе аб карупцыі ў сферы аховы здароўя. Як паведаміў сёння намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук, арышты звязаны з пастаўкамі медычнага абсталявання.

«Сапраўды, супрацоўнікамі КДБ праведзена досыць масіраваная праверка ў гэтай сферы і распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да працаўнікоў. Галоўным чынам гэта тычацца сістэмы экспертызы абсталявання ў медыцыне і Белмедтэхніка. Арыштаваныя службовыя асобы органаў аховы здароўя і кіраўнікі або службовыя асобы фірмаў, якія пастаўлялі абсталяванне і давалі хабары, каб быць пастаўшчыкамі і абслугоўваць гэта абсталяванне», – адзначыў Стук.

Раней «Ежедневник» паведамляў, што больш за дзесяць асобаў затрыманыя ў межах аперацыі КДБ. Паводле выдання, таксама сярод падазраваных ёсць «набліжаны да Лукашэнкі генерал», які нібыта дапамагаў чыноўнікам Мінаховы здароўя ў ажыццяўленні карупцыйных схемаў. Аднак іншыя крыніцы гэтую інфармацыю пакуль не пацвярджаюць.

ІІ, belsat.eu, паводле «Вечерний Гродно» і TUT.by

Стужка навінаў