КДБ вярбуе непаўналетніх


Агент «Аляксандр Сяргеевіч» пускаў у хаду лёгкі шантаж, пагрозы і ўгаворы, аднак гэтак і не схіліў да супрацы 16-гадовага хлопца.

16-гадовы Уладзімір Петрасян – грамадзянін Арменіі, аднак жыве ў Беларусі ды мае від на жыхарства. Таму ў якасці месца для спробы вербавання КДБ абраў пашпартна-візавую службу.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

«Патэлефанавалі з пашпартнага стала і штосьці вельмі збіўліва казалі, што я мушу пільна прыйсці, каб забраць нейкую даведку. І, маўляў, справа вельмі важная – нельга а ні забыцца, а ні спазніцца», – распавядае Уладзімір.

Інспектар, што прымае дакументы ў адмысловым акенцы, была загадзя папярэджаная – Уладзіміра папрасілі назваць прозвішча і адразу ж павялі ў кабінет, дзе на яго чакаў «рыцар плашча і кінжала».

Таямнічы «Аляксандр Сяргеевіч»

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

«У кабінеце чакаў мужчына ў цывільным, на выгляд – гадоў 30-35. Вітаецца са мной за руку і гаворыць: добра, што вы так пунктуальна прыйшлі, вы ў мяне на сёння апошні», – узгадвае Уладзімір.

Мужчына ў цывільным спачатку сказаў, што ён – працаўнік міліцыі Аляксандр Сяргеевіч Вальноў з Маскоўскага РУУС. Але пасведчання не паказаў, бо яно «засталося ў начальства». Пазней у РУУС Уладзіміру паведамілі, што аніякі Аляксандр Вальноў у іх не працуе.

Афіцыйнаю прычынаю сустрэчы сталася тое, што, паводле «Аляксандра Сяргеевіча», усе замежныя грамадзяне з відам на жыхарства маюць абавязак прадставіць сваю аўтабіяграфію. Ён папрасіў хлопца проста на месцы напісаць яе ды… запрапанаваў дапамогу.

«Спытаў, ці я з’яўляюся чальцом БРСМ. Я сказаў, што так, але збіраюся выходзіць, бо там нічога цікавага няма. І тут ён пытае: а «Маладыя сацыял-дэмакраты»? А праект «Актыўным быць файна»? Тады мне стала ўсё зразумела».

«Мы ведаем усё»

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Уладзімір браў удзел у гуртку «Актыўным быць файна» ды семінарах, што арганізоўвалі сацыял-дэмакраты «Маладой грамады». Працаўнік КДБ, паводле Уладзіміра, добра пра гэта ведаў і нават паказваў яму дакументы, у якіх фігуравала прозвішча хлопца.

Далей – больш: каб паказаць, што ад КДБ сакрэтаў няма, «Аляксандр Сяргеевіч» пачаў распавядаць пра падрабязнасці асабістага жыцця Уладзіміра, ягоныя паездкі, пытаць пайменна пра сяброў і сябровак, вучобу, называў прозвішчы выкладчыкаў.

«Пачаў намякаць, што розная інфармацыя можа трапіць да бацькоў або сяброў. Таксама зачытаў палажэнне, паводле якога за 5 адміністрацыйных парушэнняў наступае дэпартацыя, – Уладзімір пералічвае хітрыкі КДБ. – Я спытаў, ці азначае гэта, што яны збіраюцца фабрыкаваць на мяне справы. Той запэўніў, што не і што хоча зрабіць усё па-добраму. Ён намякаў на дэпартацыю, але адкрыта не пагражаў. Ціснуў. Бачыў, што я хвалююся, што рукі дрыжаць».

«Дапамажыце нам»

«Аляксандр Сяргеевіч» пачаў распавядаць Уладзіміру, што арганізацыя маладых сацыял-дэмакратаў – «кепская» і займаецца «бруднымі справамі». Згадаў пра справу анархістаў, якіх прызналі вінаватымі ў падпалах. І запрапанаваў Уладзіміру інфармаваць яго, калі стане вядома пра нейкія незаконныя дзеянні ці намеры актывістаў. Маўляў, «калі нас папярэджваюць  пра такое, то гэта не стукацтва, а добрая справа».

«Як толькі ён пачаў казаць пра маладых сацыял-дэмакратаў ды пачаў на мяне ціснуць, я паспрабаваў патэлефанаваць, або выйсці з кабінету. Але ён мне не даваў гэтага зрабіць, загароджваў дзверы, – кажа Уладзімір. – Размова завяршылася тым, што ён хацеў пакінуць мне свой нумар ды развітацца, але я нумар не ўзяў і руку яму не падаў».

Агулам размова доўжылася каля паўтары гадзіны. Уладзімір спадзяецца, што пасля таго, як спроба вербавання сталася шырока вядомаю, «органы» ад яго адчэпяцца. Ды запэўнівае, што пры іншых спробах вербавання ўвесь змест размоваў стане вядомы журналістам ды карыстальнікам сацыяльных сетак.

На шантаж – не паддавацца!

[vc_single_image image=”8″ img_size=”large”]

У Праваабарончым цэнтры «Вясна» падкрэсліваюць, што супраца са спецслужбамі ў якасці інфарматара, паводле беларускага заканадаўства, мусіць быць добраахвотнай. Выкарыстоўваць падчас вербавання пагрозы, шантаж – незаконна.

«Асобе, якая трапіць у падобную сітуацыю, раю адмовіцца ад супрацы пад ціскам ды публічна агалошваць пра спробы вербавання», – гаворыць праваабаронца Павел Сапелка.

Можна таксама паспрабаваць абскардзіць дзеянні службоўца: напісаць скаргу ў адпаведны орган, дзе ён працуе, падаць скаргу ў пракуратуру. Калі службоўца не прадставіўся, можна звяртацца з просьбаю ўстанавіць ягоную асобу ды абараніць ад далейшых незаконных дзеянняў.

«Вядома, што кожная асоба можа мець «слабыя месцы», на якія спецслужбы могуць націснуць. Напрыклад, калі чалавек раней здзейсніў правапарушэнне, то лепш панесці за гэта адказнасць, чымся паддацца на шантаж. Інакш і гэтае «слабое месца» нікуды не падзенецца, і прыйдзецца рабіць рэчы супраць сваёй волі», – дадае праваабаронца.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў