КДБ узбудзіла крымінальную справу супраць «Сервалюксу»


Магілёўскі гігант – трэцяя фірма з аграпрамысловага сектару, якой за апошні час заняўся Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

Валерый Вакульчык, старшыня КДБ, пацвердзіў сёння, што спецслужба насамрэч узбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да кіраўніцтва кампаніі «Сервалюкс».

Яўгена Баскіна, уладальніка і фінансавага дырэктара «Сервалюкса» затрымалі ў менскім аэрапорце. КДБ не паведамляе, куды збіраўся ляцець падазраваны.

«Пытанне не ў гэтым, а ў тым, што ў нас ёсць доказы», – заявіў журналістам Валерый Вакульчык.

Усяго па гэтай справе 14 сакавіка 2016 года было затрымана 15 чалавек: гэта службовыя асобы ЗАТ «Сервалюкс» і афіліяванай структуры «Экамол Агра».

«Да цяперашняга моманту яны лічылі сябе недатыкальнымі. Нам дакладна вядома, што сёлета пасля ўзбуджэння крымінальных спраў супраць кампаніяў «Біякам» ды «Консул», якія таксама займаліся кармамі для быдла, ім задавалі пытанне: «Як вы будзеце ўсё гэта рабіць? Бо, глядзіце, што адбываецца». Але яны сказалі, што іх гэта не датычыцца. Як бачым, яны трохі памыліліся. Кожны з тых, хто затрыманы, у той ці іншай ступені датычны: хтосьці кіраваў рахункамі, хтосьці прыходзіў і дамаўляўся, хтосьці прыносіў і забіраў наяўныя грошы «, – распавёў старшыня КДБ.

Вакульчык дадаў, што шкода ад незаконнай дзейнасці «Сервалюксу» склала не менш Br 370 млрд.

Паводле кіраўніка КДБ, заробленыя такім шляхам «грошы з афшорных кампаній выдаткоўваліся на прадметы раскошы і вядзенне адпаведнага ладу жыцця».

ДД

Стужка навінаў