КДБ: У Беларусі дзень памяці продкаў – «Дзяды» і Радаўніца. Вось тады і адзначайце дзень памяці сваіх ахвяраў рэпрэсіяў


29-га кастрычніка 1937 года – асабліва цяжкі і трагічны дзень у гісторыі беларускага народу. За адну ноч у Менску ва ўнутранай турме НКВД былі забітыя каля ста прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, 22 з іх – пісьменнікі.

Таму менавіта сённяшні дзень грамадскі аргкамітэт увекавечання памяці ахвяраў сталінізму заснаваў як Дзень памяці. Члены аргкамітэту прапанавалі ўладам падтрымаць ініцыятыву і адзначаць яго адпаведным чынам на афіцыйным узроўні штогод, аздобіць чорнымі стужкамі ды прыпусціць дзяржаўныя сцягі. Але – атрымалі адмову. Ліст прыйшоў з КДБ.

ІГАР КУЗНЯЦОЎ, ГІСТОРЫК: «Прыкладны адказ быў такі: «У Беларусі ўсталяваны дзень памяці продкаў «Дзяды» і Радаўніца. Вось тады і адзначайце дзень памяці сваіх ахвяраў рэпрэсіяў. А на астатняе ў дзяржавы ніякіх сродкаў няма».

Усе астатнія звароты не далі ніякага выніку. Тэма рэпрэсіяў на дзяржаўным узроўні надалей замоўчваецца. Але неабыякавыя да трагічнае мінуўшчыны грамадзяне правялі акцыі ўшанавання памяці ахвяраў сталінізму ў парку Чалюскінцаў, Лошыцы, Трасцянцы ды іншых месцах масавых расстрэлаў. У офісе БНФ адбыўся круглы стол, а ў Курапатах прайшло адкрыццё і асвячэнне Крыжовага шляху з заходняга боку мемарыялу. Прадстаўнікі грамадскасці правялі малітву, усклалі кветкі, запалілі свечкі, ушанавалі памяць хвілінаю маўчання.

УЛАДЗІМІР РАМАНОЎСКІ, МІЖНАРОДНЫ МЕМАРЫЯЛ:

«Тая гісторыя, якую мы перажылі, гэта паток крывадушнасці, забывання сваіх каранёў, амаральнасць. Гулаг – гэта галоўны выхавацель самых адмоўных рысаў чалавецтва, і мы працягваем атрымліваць усё гэтае задавальненне пасля Гулагу да гэтага часу. Чаму? Таму што памяць тут не шануюць».

Тым жа, хто яе шануе, аргкамітэт прапаноўвае запаліць свечкі, каб нагадаць пра ахвяраў таталітарызму.

У сталінскія часы ў Беларусі была вынішчана амаль уся свядомая, культурная, нацыянальная інтэлігенцыя. І хто ведае – магчыма, каб не гэтыя страты, сёння мы маглі б жыць зусім у іншай краіне.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

«Прысяга» — апошні верш Міхася Чарота, напісаны ім на сцяне менскай турмы НКВД незадоўга да расстрэлу.

Я не чакаў

І не гадаў,

Бо жыў з адкрытаю душою,

Што стрэне лютая бяда,

Падружыць з допытам,

З турмою.

Прадажных здрайцаў ліхвяры

Мяне заціснулі за краты.

Я прысягаю вам, сябры,

Мае палі,

Мае бары, —

Кажу вам — я не вінаваты!

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Стужка навінаў