КДБ: у агентурнай сеткі Паўла Шаройкі было мінімум 16 асобаў, некаторых маглі выкарыстоўваць «уцёмную»

Wideo

Будынак КДБ у Менску

На тэлеканале «Беларусь-1» у праграме «Галоўны эфір» выйшаў новы сюжэт пра справу «украінскіх шпіёнаў». У прыватнасці, дэманструюцца кадры з допыту Паўла Шаройкі, дзе ён выбачаецца за сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі.

«Я хачу прынесці выбачэнні беларускаму боку. Я шчыра шкадую, што даў магчымасць уцягнуць сябе ў гэтую супрацьпраўную дзейнасць, якая магла нанесці шкоду Беларусі», – кажа Шаройка на допыце, кадры якога паказала тэлебачанне.

У сюжэце адзначаецца, што падчас ператрусу на кватэры Паўла Шаройкі знайшлі псеўданімы мінімум 16 чальцоў агентурнай сеткі, аднак пра новыя арышты нічога не паведамляецца. Паводле супрацоўнікаў беларускіх спецслужбаў, некаторых з іх маглі выкарыстоўваць «уцёмную» – то бок яны нават не ведалі каму і дзеля чаго перадаюць інфармацыю. Сюжэт сканчаецца словамі, што чалавек можа быць вызвалены ад крымінальнай адказнасці па арт. 356 «Здрада дзяржаве» пры ўмовах добраахвотнага прызнання злачынства і аказання дапамогі следству.

Грамадзянін Беларусі, які быў арыштаваны ў рамках справы шпіёнаў (раней пра гэта паведамляў КДБ), прызнаў сваю віну, паведамілі ў эфіры «Беларусь-1». Яго вінавацяць у «здрадзе дзяржаве».

Падчас размовы з КДБшнікамі (менавіта размовы, а не допыту, бо гутарка, як бачна, праходзіла ў мікрааўтобусе – відаць, адразу пасля затрымання) Шаройка распавядае, што сайт «Інфармацыйны супраціў» – гэта праект Галоўнага ўпраўлення выведкі (ГУР) Мінабароны Украіны. У сюжэце адзначаецца, што падчас ператрусу ў кватэры Шаройкі былі знойдзены копіі выведвальных данясенняў і заданне ад ягонага куратара Ігара Скварцова – саветніка амбасады Украіны ў Беларусі. Аперытыўны псеўданім Шаройкі нібыта – «малодшы навуковы супрацоўнік».

На 2017 год, як паведаміла БТ, Шаройкі паставілі задачу збіраць інфармацыю пра расейскія вайсковыя аб’екты ў Беларусі.

Нагадаем, 25 кастрычніка ў Менску спецслужбы затрымалі карэспандэнта «Украінскага Радыё» Паўла Шаройка. Паводле КДБ, Шаройка стварыў у Беларусі «агентурную сетку з грамадзян Беларусі, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягоныя заданні па зборы звестак выведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы». Працу Шаройкі ў Беларусі, паводле заявы КДБ, каардынаваў супрацоўнік ГУР МА Украіны Ігар Скварцоў, які «дзейнічаў пад прыкрыццем саветніка амбасады Украіны ў Беларусі».

Ігар Скварцоў быў абвешчаны персонай нон грата. У адказ Украіна выслала першага сакратара амбасады Беларусі. Менск гэты крок расцаніў як «несяброўскі».

У дачыненні да Шаройкі распачатая крымінальная справа па ст.358 КК Беларусі (шпіянаж) і прынята рашэнне аб утрыманні яго пад вартай. Акрамя Шаройкі, затрыманы грамадзянін Беларусі – яму інкрымінуюць «дзяржаўную здраду».

Афіцыйны Кіеў адмаўляе датычнасць Скварцова і Шаройкі да выведвальнай дзейнасці і лічыць абвінавачванні безпадстаўнымі.

ІІ, belsat.eu

 

 

Глядзі таксама
Каментары