КДБ: Шаройку могуць памілаваць, але абмену на Палітыку не будзе


Старшыня КДБ Валеры Вакульчык сёння ў Палаце прадстаўнікоў заявіў журналістам, што ў Менску разглядаюць пытанне аб памілаванні ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі, асуджанага за шпіянаж.

Пры гэтым Вакульчык падкрэсліў, што мяняць Шаройку на беларуса Юрыя Палітыку, якога судзяць у Чарнігаве таксама за шпіянаж, не будуць.

«Калі па Шаройку, то ў нас ёсць доказы і мы іх вам падавалі, у нас на руках ёсць заданні, якія ён атрымліваў некалькі гадоў, ёсць доказы, што ён з’яўляецца кадравым супрацоўнікам і збіраў звесткі, праз вашых калегаў, дарэчы, збіраў, – заявіў Вакульчык.

Старшыня КДБ дадаў, што «Палітыка шпіёнам не зʼяўляецца, а таму абмен быў бы нераўнацэнны».

Вакульчык таксама распавёў, што ў мінулым месяцы яго ведамства затрымала чарговага шпіёна. На гэтым тыдні дваіх чалавек абвясцілі персонамі нон грата. Хто яны – кіраўнік КДБ не ўдакладніў, але адзначыў, што шпіёнская дзейнасць была звязаная з вонкавай палітыкай.

Хто такі Павел Шаройка і за што яго асудзілі?

Павел Шаройка, фота з сацыяльных сетак
  • 25 кастрычніка 2017 года ў Менску спецслужбы затрымалі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку. Паводле КДБ, Шаройка стварыў у Беларусі «агентурную сетку з грамадзянаў Беларусі, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягоныя заданні па зборы звестак выведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы». Працу Шаройкі ў Беларусі, паводле заявы КДБ, каардынаваў супрацоўнік ГУР МА Украіны Ігар Скварцоў, які «дзейнічаў пад прыкрыццем саветніка амбасады Украіны ў Беларусі».
  • У дачыненні да Шаройкі была распачатая крымінальная справа па ст.358 КК Беларусі (шпіянаж). Ігар Скварцоў быў абвешчаны персонай нон грата. У адказ Украіна выслала першага сакратара амбасады Беларусі. Менск гэты крок расцаніў як «несяброўскі».
  • Афіцыйны Кіеў адмаўляе датычнасць Скварцова і Шаройкі да выведвальнай дзейнасці і лічыць абвінавачванні беспадстаўнымі.
  • Суд над украінцам у Менску распачаўся сёлета ў лютым і праходзіў за зачыненымі дзвярыма. У выніку Паўла Шаройку прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Шэраг украінскіх экспертаў называлі справы Шаройкі і беларуса Юрыя Палітыкі, затрыманага за шпіянаж ва Украіне, аналагічнымі і «люстэркавымі».

Беларуса Юрыя Палітыку ўжо восем месяцаў не могуць асудзіць за шпіянаж ва Украіне

Юрый Палітыка. Фота – Каця Андрэева/Белсат
  • Юрыя Палітыку затрымалі ў момант праходжання пашпартнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыі памежнага пункта «Новыя Ярылавічы» 16 чэрвеня 2017 года. З пункту гледжання ўкраінскіх праваахоўнікаў, беларус у інтарэсах трэцяга боку збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона.
  • Напачатку студзеня 2018 года шэраг беларускіх недзяржаўных СМІ апублікавалі ліст затрыманага беларуса Юрыя Палітыкі ў амбасаду Беларусі ў Кіеве, дзе ён сцвярджае, што ўсе паказанні даваў пад катаваннямі, ніколі не працаваў на беларускі КДБ, не збіраў сакрэтныя звесткі для Расеі. Таксама быў апублікаваны ліст маці затрыманага беларуса з просьбай аб дапамозе. СБУ заяву Юрыя Палітыкі пра катаванні зняпраўдзіла.
  • Генеральная пракуратура Беларусі заявіла пра «абгрунтаваныя сумневы ў наяўнасці прыкметаў шпіянажу ў дзеяннях затрыманага» і назвала крымінальную справу супраць беларуса «палітычнай».
  • Папярэдні разгляд справы Юрыя Палітыкі распачаўся 12 лютага, але за гэты час суд амаль не прасунуўся наперад. Паседжанне раз за разам адкладаліся – або з прычыны адсутнасці перакладчыка, або з прычыны адсутнасці адвакатаў. Нарэшце 15 траўня калегія суддзяў Чарнігаўскага раённага суду, якая мусіла разглядаць «шпіёнскую справу» Юрыя Палітыкі, узяла самаадвод.

Напрыканцы жніўня Палітыку прывезлі на пасяджэнне з сіняком пад вокам. МЗС Беларусі выказаў заклапочанасць з гэтай нагоды. У верасні Палітыку перавялі з Чарнігаўскага СІЗА ў Кіеў «з меркаванняў бяспекі». Як паведаміў belsat.eu ягоны адвакат Тарас Герэлюк, наступнае паседжанне ў справе адбудзецца 11 кастрычніка. Прычыну чарговага пераносу ён назваць адмовіўся.

KA, belsat.eu

Стужка навінаў