КДБ распавёў пра арышт у Менску ўкраінскага топ-менеджара


КДБ Беларусі паведаміў, што старшыня праўлення «Заводу ўцяжарвальнікаў», грамадзянін Украіны Аляксандр Скіба быў затрыманы ў Менску падчас дачы хабару ў памеры 2800 долараў галоўнаму металургу Менскага трактарнага заводу Андрэю Карасю. У якасці пасярэдніка пры атрыманні хабару выступаў сын Андрэя Карася.

Паводле КДБ, таксама задакументаваны факт атрымання хабару ад прадстаўнікоў камерцыйных структур у памеры 1700 USD начальнікам упраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ААТ «Менскі трактарны завод» В.М. Мезгоям.

«Усяго ўстаноўлена больш за 20 фактаў карупцыйнай дзейнасці службовых асобаў ААТ «Менскі трактарны завод» на агульную суму больш за 40 тысяч долараў ЗША», – паведамляюць у КДБ.

У дачыненні да супрацоўнікаў МТЗ распачатыя крымінальныя справы па арт. 430 («атрыманне хабару») КК Рэспублікі Беларусь; у дачыненні да Скібы – па ч. 2 арт. 431 («дача хабару») КК Рэспублікі Беларусь. Усе фігуранты справы цяпер знаходзяцца за кратамі.

Між там саму крымінальную справу аб карупцыі на МТЗ КДБ перадае ў Следчы камітэт.

На мінулым тыдні стала вядома, што беларускія спецслужбы затрымалі кіраўніка прадпрыемства ПАО «Завод уцяжарвальнікаў» (г.Канстанцінаўка Данецкай вобласці) Аляксандра Скібу. Топ-менеджэр прыбыў у Менск 15 лістапада ў камандзіроўку на перамовы з МТЗ, з якім ва ўкраінскага прадпрыемства існуе дамова аб пастаўках прадукцыі, якая выкарыстоўваецца ў ліцейнай вытворчасці беларускага завода.

 

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары